Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІ́ЦІС Уладзімір Міхайлавіч

(6.7.1881, С.-Пецярбург — 22.8.1938),

савецкі военачальнік, камкор (1935). У арміі з 1899. Скончыў юнкерскае пях. вучылішча (1902). Удзельнік 1-й сусв. вайны, палкоўнік. З 1918 у Чырв. Арміі. Камандаваў 6-й, 8-й арміямі, Паўд. фронтам. У ліп. 1919 — крас. 1920 камандуючы Зах. фронтам. Увосень 1919 кіраваў контрнаступленнем па разгроме арміі Юдзеніча. Узнаг. ордэнам Чырв. Сцяга (1919). У 1920—21 камандуючы Каўказскім фронтам. Пасля грамадз. вайны на адказных пасадах у Чырв. Арміі, у Наркамаце абароны СССР. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 5, с. 278

ГІ́ЦІХ Міхаіл

(? — 1654),

літаратар, палеміст. Нарадзіўся на Беларусі. Выхоўваўся ў духу арыянства. Вучыўся ў Альтдорфскай гімназіі (з 1607, Германія), выключаны за прапаганду прагрэс. ідэй. Паслядоўнік С.Буднага. У 1611 вярнуўся на Беларусь, жыў у Навагрудку. Вядомы філас. трактатамі, палемікай, перапіскай. Пісаў на лац. мове. У 1612 напісаў трактат «Аб задавальненні Хрыста», у 1649 склаў алфавітны даведнік «Багаслоўскія зборнікі». У перапісцы з польск. мысліцелямі Я.Крэлем, І.Маскажэўскім, М.Руарам выказваў думкі пра сілу чалавечага розуму і законы прыроды (апубл. ў Амстэрдаме, 1677). Палеміка Гіціха з альтдорфскім праф. Л.Люцыусам надрук. пад назвай «Аб задавальненні... паміж М.Гіціхам, сацыніянцам і Л.Люцыусам артадоксам» (Базель, 1628).

Я.І.Парэцкі.

т. 5, с. 278