Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІГА...

(ад грэч. gigas гіганцкі),

дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​9 зыходным адзінкам. Пазначаецца Г. Напр., 1 ГВт = 10​9 Вт, 1 ГэВ = 10​9 эВ.

т. 5, с. 217

ГІГАНТАПІТЭ́К

[ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],

род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.

т. 5, с. 217

ГІГА́НТЫ,

у грэчаскай міфалогіі пачварныя волаты са змяіным целам. Гіганты нарадзіла Гея з кропель крыві, што пралілася пры лягчанні бога неба Урана. Яны паўсталі супраць алімп. багоў, у бітве (гігантамахія) багі з дапамогай Геракла перамаглі гігантаў і скінулі іх у змрочную бездань тартар. Бітва гігантаў з багамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (размалёўка храмаў, скульптуры, творы вазапісу), л-ры (эпас Клаўдзіяна), музыцы (опера К.В.Глюка) і інш.

т. 5, с. 217

ГІГА́НТЫ,

зоркі-гіганты, зоркі вялікіх памераў (10—1000 радыусаў Сонца) і вялікіх свяцільнасцей (100—1000 адзінак свяцільнасці Сонца). Маюць малыя сярэднія шчыльнасці (10​-2—10​-4 кг/м³) з прычыны працяглых разрэджаных абалонак. У некаторых гігантах адбываецца інтэнсіўнае выцяканне рэчыва з паверхні (карпускулярная няўстойлівасць), што можа прывесці да ўтварэння планетарнай туманнасці.

т. 5, с. 217

ГІГАНТЫ́ЗМ

[ад грэч. gigas (gigantos) гігант],

клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармона (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.

Г.Г.Шанько.

т. 5, с. 217

ГІГА́НЦКІ АЛЕ́НЬ,

гл. Алень велікарогі.

т. 5, с. 218

ГІГЕ́ВІЧ Васіль Сямёнавіч

(н. 3.1.1947, в. Жыцькава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў фіз. ф-т Харкаўскага ун-та (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1979). Працаваў выкладчыкам фізікі ў школе, на Барысаўскім шклозаводзе (1970—77), на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1979), у час. «Маладосць» (з 1981). З 1992 — у час. «Полымя». Друкуецца з 1972. Кнігі апавяданняў і аповесцей «Спелыя яблыкі» (1976), «Калі ласка, скажы» (1978), «Жыціва» (1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984). Аўтар раманаў (ад бытавога да сац.-фантастычнага) «Доказ ад процілеглага» (1985), «Мелодыі забытых песень» (1988), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1990), «Кентаўры» (1993). Напісаў (разам з А.Чарновым) навук.-дакумент. кнігу пра Чарнобыль «Сталі воды горкімі» (1991). Для яго творчасці характэрны псіхалагізм, філасафічнасць, умоўна-абагульненая форма маст. асэнсавання жыцця.

Тв.:

Карабель. Мн., 1989;

Марсіянскае падарожжа. Мн., 1990.

т. 5, с. 218

ГІГІЕ́НА

(ад грэч. hygieinos здаровы),

галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў умоў жыцця і працы на здароўе чалавека, распрацоўвае меры прафілактыкі захворванняў, аптымальныя ўмовы існавання, умацавання здароўя і працягласці жыцця. Цесна звязана з біялогіяй, фізікай, хіміяй, мед. і сац.-эканам. навукамі. Асн. задачы гігіены: распрацоўка крытэрыяў і метадаў ацэнкі ўзроўню здароўя, перадпаталагічнага стану і правіл здаровага ладу жыцця, ажыццяўленне санітарнага нагляду, распрацоўка мерапрыемстваў аховы навакольнага асяроддзя і гігіенічных нарматываў, сан. экспертыза якасці вады, прадуктаў харчавання і прадметаў быт. ўжытку, удзел у распрацоўцы сан. заканадаўства.

Гігіена вядома са старажытнасці. Шырока выкарыстоўвалася ў антычную эпоху. Як самаст. галіна навукі вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. Эксперыментальны кірунак у гігіене звязаны з працамі гігіеністаў Германіі (М.Петэнкофер і яго школа), Вялікабрытаніі (Э.А.Паркс), Францыі (З.Флёры, А.Пруст, А.Бушард), Расіі (А.П.Дабраславін, Ф.Ф.Эрысман). У 20 ст. ў асобныя галіны гігіены вылучаны: асабістая, дзяцей і падлеткаў, працы, радыяцыйная, харчавання (гл. адпаведныя арт.), таксама ваенная, камунальная і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па гігіене пачаліся ў 2-й пал. 19 ст. Развіццё гігіены звязана з працамі З.К.Магілеўчыка, П.В.Астапені, М.А.Габрыловіча, Дз.П.Бяляцкага, М.А.Мухіна, І.Б.Кардаша, Г.Г.Вінберга, І.А.Чахоўскага, С.Ю.Бусловіча і інш. Даследаванні вядуцца ў н.-д. ін-тах санітарна-гігіенічным, удасканалення ўрачоў, працы, у мед. ін-тах і інш. ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. умоў, якія ўплываюць на здароўе чалавека; распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку гігіенічныя нарматывы і правілы; прагназуюцца сан. сітуацыі з улікам развіцця нар. гаспадаркі. У аспекце гігіены вывучаюцца праблемы населеных месцаў і жылля, харчавання, працы і прафес. паталогіі, тэрытарыяльных, прамысл. і с.-г. комплексаў, вытв-сці і выкарыстання пестыцыдаў, палімераў і пластычных мас; развіцця дзяцей і падлеткаў, аховы здароўя.

т. 5, с. 218

ГІГІЕ́НА АСАБІ́СТАЯ,

раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.

Літ.:

Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.

Х.Х.Лавінскі.

т. 5, с. 218

ГІГІЕ́НА ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

галіна гігіены, якая распрацоўвае і ажыццяўляе прафілакт. мерапрыемствы па ахове і ўмацаванні здароўя падрастаючага пакалення. Вывучае ўплыў прыродных і сац. фактараў на растучы арганізм, яго ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем і распрацоўвае на гэтай аснове гігіенічныя нарматывы.

Асн. праблемы гігіены дзяцей і падлеткаў: заканамернасці росту і развіцця дзіцячага арганізма, стан здароўя дзяцей і падлеткаў і фактары, якія яго фарміруюць, гігіенічныя асновы рэжыму дня і навуч.-выхаваўчага працэсу, гігіена фіз. і працоўнага выхавання, навучання і прафес. адукацыі вучняў; гігіена харчавання ў дзіцячых калектывах, гігіенічныя асновы праектавання і будовы ўстаноў для дзяцей і падлеткаў, патрабаванні да іх добраўпарадкавання і абсталявання, гігіенічнае выхаванне і навучанне здароваму ладу жыцця.

На Беларусі гігіена дзяцей і падлеткаў — частка сан.-эпідэміялагічнай службы і пададдзел яе асн. устаноў — цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі. Распрацоўваюцца крытэрыі здароўя і метадалагічныя асновы комплекснай ацэнкі стану здароўя дзяцей, падлеткаў і моладзі; гігіенічныя аспекты аздараўлення ва ўмовах радыеэкалагічнага забруджання, гігіенічныя рэкамендацыі па аптымізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў дзіцячых установах.

Літ.:

Гигиена детей и подростков. М., 1986.

Г.В.Лаўрыненка.

т. 5, с. 218