ГІЕ́НАВЫЯ
(Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
т. 5, с. 241
ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ,
Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne), гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУ — ч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.
т. 5, с. 241
ГІЕРО́Н I
(грэч. Hierōn) Старэйшы (?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),
правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады Пд Італіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.
т. 5, с. 241
ГІЕРО́Н II
(грэч. Hierōn) Малодшы (каля 306 — каля 215 да н.э.),
тыран у Сіракузах (Сіцылія) каля 268 — каля 215 да н.э., насіў тытул цара. У 265 вёў паспяховую барацьбу з мамертынцамі (італьян. наёмнікі). У пач. 1-й Пунічнай вайны (264—241) падтрымліваў карфагенян, пасля асады Рымам Месаны і Сіракузаў заключыў у 263 мірны дагавор з Рымам, чым забяспечыў незалежнасць Сіракузаў. У 2-й Пунічнай вайне (218—201) выступаў на баку Рыма. Заахвочваў развіццё земляробства, рамёстваў, будаўніцтва.
т. 5, с. 241