ГІПА...
(ад грэч. hypo унізе, пад),
прыстаўка, што абазначае: які знаходзіцца ніжэй чаго-н., які паніжаны ў параўнанні з нормай, напр., гіпадэрма, гіпатанія.
т. 5, с. 251
ГІПАБІЯСФЕ́РА
(ад гіпа... + біясфера),
слой літасферы глыб. 5—6 км, у які жывыя арганізмы трапляюць выпадкова, існуюць часова, але не могуць нармальна жыць і размнажацца (ніжні аналаг парабіясферы).
т. 5, с. 251
ГІПАВІТАМІНО́ЗЫ,
гл. Вітамінная недастатковасць.
т. 5, с. 251
ГІПАГАНАДЫ́ЗМ
(ад гіпа... + ганады),
гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).
Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.
т. 5, с. 251
ГІПАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія ўзнікаюць пры глыбінных (эндагенных) працэсах мінералаўтварэння. На паверхні Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання большасць гіпагенных мінералаў разбураецца і пераходзіць у гіпергенныя мінералы. На Беларусі гіпагенныя мінералы вядомы ў магматычных горных пародах крышт. фундамента.
т. 5, с. 251
ГІПАГЕ́ННЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
эндагенныя працэсы, геалагічныя працэсы, якія адбываюцца пераважна ў нетрах Зямлі, абумоўлены яе ўнутр. энергіяй, сілай цяжару і сіламі, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Да гіпагенных працэсаў адносяцца: распад радыеактыўных рэчываў, розныя хім. рэакцыі і пераўтварэнні падкоркавых мас, раптоўныя разрадкі напружанняў, якія там узнікаюць. Праяўляюцца ў выглядзе тэктанічных рухаў, працэсаў вулканізму, метамарфізму горных парод. Гіпагенныя працэсы абумоўліваюць морфаструктуру зямной паверхні і ў спалучэнні з гіпергеннымі працэсамі ўдзельнічаюць у фарміраванні рэльефу Зямлі. З імі звязана ўтварэнне значнай часткі карысных выкапняў, гл. Гіпагенныя радовішчы.
т. 5, с. 251
ГІПАГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
магматычныя радовішчы, эндагенныя радовішчы, паклады карысных выкапняў, звязаныя з геахім. працэсамі глыбінных частак Зямлі. Утвараюцца з магматычных расплаваў ці гарачых газавых і водных мінералізаваных раствораў пры высокіх цісках і тэмпературах. Вылучаюць 5 гал. генетычных груп гіпагенных радовішчаў: магматычныя (утвараюцца пры застыванні расплаваў з адасабленнем руд, хрому, тытану, жалеза, плаціны, нікелю і інш.), пегматытавыя (уяўляюць раскрышталізацыю канчатковых прадуктаў астываючай магмы; маюць у сабе слюды, каштоўныя камяні і інш.), карбанатытавыя (утвораны вял. колькасцю карбанатаў кальцыю, магнію, жалеза; асацыіруюць з ультраасноўнымі шчолачнымі пародамі і маюць руды жалеза, медзі, апатыт і інш.), скарнавыя (узнікаюць пад уздзеяннем гарачай мінералізаванай пары пры кантакце з магмай; паклады жалеза, медзі, вальфраму, малібдэну, свінцу і інш.), гідратэрмальныя (складаюцца з руд каляровых, каштоўных і радыеактыўных металаў — асадкаў з глыбінных гарачых мінералізаваных водных раствораў).
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 252
ГІПАГІ́МНІЯ
(Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (Н. physodes), радзей мучністая (Н. farinacea), стужачная (Н. vittata) і трубчастая (Н. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
У.У.Галубкоў.
т. 5, с. 252
ГІПАДА́М
(Hippodamos) з Мілета, старажытнагрэчаскі архітэктар-горадабудаўнік 5 ст. да н.э. Распрацаваў прынцып рэгулярнай планіроўкі ант. гарадоў — т.зв. гіпадамава сістэма. Яму прыпісваюць планіроўку Пірэя (пасля 446 да н.э.),
Родаса (408—407 да н.э.) і інш.
т. 5, с. 252