Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІФАМІЦЭТА́ЛЬНЫЯ

(Hyphomycetales),

парадак недасканалых грыбоў. Вядома каля 7500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў, трапляюцца ў розных экалагічных згуртаваннях. Паразіты або сапратрофы. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці антыбіётыкаў (напр., аспергіл, пеніцыл) і іншых рэчываў біял. барацьбы з хваробамі с.-г. культур (трыхадэрма). Многія выклікаюць плямістасць, завяданне, гнілі раслін. Прычыняюць страты сельскай і лясной гаспадарцы.

Міцэлій шматклетачны. Канідыяносцы адзіночныя або сабраны ў карэміі і спарадахіі. Размнажаюцца канідыямі. У многіх гіфаміцэтальных у цыкле развіцця адзначаны склерацыйныя стадыі. Вылучаюць асн. экалагічныя групы гіфаміцэтальных: глебавыя (віды з родаў аспергіл, пеніцыл, літэрнарыя і інш.), паразіты раслін (віды з родаў цэркаспора, вертыцыл, кладаспорый, гельмінтаспорый, ботрыцыс і інш.), водныя (віды з родаў ангвіласпора, трыкладыум і інш.), драпежныя (напр., артаботрыс, дактылярыя).

т. 5, с. 278

ГІ́ФУ,

горад у Японіі, у цэнтр. ч. в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Гіфу. Каля 500 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Цэнтр шаўкаводчага раёна і вытв-сці шоўку. Машынабудаванне, тэкст., швейная, харч., дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Турызм. Гіфу быў разбураны і адноўлены пасля землетрасення ў 1891.

т. 5, с. 278

ГІ́ФЫ

(ад грэч. hyphē тканка, павуціна),

мікраскапічныя простыя або разгалінаваныя ніткі, якія ўтвараюць вегетатыўнае цела грыба — талом. Уся сукупнасць гіфаў грыбнога талома называецца міцэліем. Дыяметр гіфаў ад 2 да 30 мкм. Пабудаваны з адной (у ніжэйшых) або многіх (у вышэйшых грыбоў) клетак. Абалонка бясколерная, у некат. гіфах афарбаваная і яе хім. састаў (хіцін, цэлюлоза, глюкан) вар’іруецца ў розных сістэматычных групах. У выніку разбурэння гіфаў на асобныя клеткі — аідыі, а таксама шляхам утварэння хламідаспор адбываецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў.

т. 5, с. 278