ГІГІЕ́НА

(ад грэч. hygieinos здаровы),

галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў умоў жыцця і працы на здароўе чалавека, распрацоўвае меры прафілактыкі захворванняў, аптымальныя ўмовы існавання, умацавання здароўя і працягласці жыцця. Цесна звязана з біялогіяй, фізікай, хіміяй, мед. і сац.-эканам. навукамі. Асн. задачы гігіены: распрацоўка крытэрыяў і метадаў ацэнкі ўзроўню здароўя, перадпаталагічнага стану і правіл здаровага ладу жыцця, ажыццяўленне санітарнага нагляду, распрацоўка мерапрыемстваў аховы навакольнага асяроддзя і гігіенічных нарматываў, сан. экспертыза якасці вады, прадуктаў харчавання і прадметаў быт. ўжытку, удзел у распрацоўцы сан. заканадаўства.

Гігіена вядома са старажытнасці. Шырока выкарыстоўвалася ў антычную эпоху. Як самаст. галіна навукі вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. Эксперыментальны кірунак у гігіене звязаны з працамі гігіеністаў Германіі (М.Петэнкофер і яго школа), Вялікабрытаніі (Э.А.Паркс), Францыі (З.Флёры, А.Пруст, А.Бушард), Расіі (А.П.Дабраславін, Ф.Ф.Эрысман). У 20 ст. ў асобныя галіны гігіены вылучаны: асабістая, дзяцей і падлеткаў, працы, радыяцыйная, харчавання (гл. адпаведныя арт.), таксама ваенная, камунальная і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па гігіене пачаліся ў 2-й пал. 19 ст. Развіццё гігіены звязана з працамі З.К.Магілеўчыка, П.В.Астапені, М.А.Габрыловіча, Дз.П.Бяляцкага, М.А.Мухіна, І.Б.Кардаша, Г.Г.Вінберга, І.А.Чахоўскага, С.Ю.Бусловіча і інш. Даследаванні вядуцца ў н.-д. ін-тах санітарна-гігіенічным, удасканалення ўрачоў, працы, у мед. ін-тах і інш. ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. умоў, якія ўплываюць на здароўе чалавека; распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку гігіенічныя нарматывы і правілы; прагназуюцца сан. сітуацыі з улікам развіцця нар. гаспадаркі. У аспекце гігіены вывучаюцца праблемы населеных месцаў і жылля, харчавання, працы і прафес. паталогіі, тэрытарыяльных, прамысл. і с.-г. комплексаў, вытв-сці і выкарыстання пестыцыдаў, палімераў і пластычных мас; развіцця дзяцей і падлеткаў, аховы здароўя.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)