ГІ́ТГАРЦ Ілья Аляксандравіч

(30.3.1893, г. Адэса, Украіна — 3.2.1966),

бел. дырыжор і педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Петраградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1916) і тэорыі кампазіцыі (1918). У 1919—26 і 1936—47 муз. кіраўнік у оперных т-рах Палтавы, Ленінграда, Масквы, Ташкента, Пермі, Куйбышава, Фрунзе. У 1926—30 заг. муз. часткі і дырыжор БДТ-2. Як заснавальнік, муз. кіраўнік і гал. дырыжор Бел. студыі оперы і балета (1930—33) падрыхтаваў адкрыццё Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, быў яго першым дырэктарам, маст. кіраўніком і гал. дырыжорам (1933—36), дырыжорам (1947—51). З 1947 выкладаў у Бел. кансерваторыі (дацэнт з 1949). Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1933), «Яўген Анегін» (1933, 1948), «Пікавая дама» (1931) і «Чаравічкі» (1949) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Тоска» Дж.Пучыні (1950), балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова, «Салавей» М.Крошнера (1950). Гітгарцу-дырыжору былі ўласцівыя тонкая інтуіцыя, імправізацыйны пачатак. Аўтар музыкі да драм. спектакляў.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 91—93, 96, 98, 101, 224;

Азгур З. Дырыгент // Літ. і мастацтва. 1993. 26 сак.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)