ГІЯЦЫ́НТ
(Hyacinthus),
манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (Н. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.
Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.
т. 5, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)