ГЕПА́РД
(Acinonyx Jubatus),
млекакормячае сям. кашачых, атр. драпежных. Жыве ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Трапляецца ў адкрытых месцах — гліністых пустынях, травяністых саваннах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 123—150 см, хваста 63—75 см, выш. ў карку каля 100 см. Афарбоўка гладкай кароткай поўсці пясочна-жоўтая з раўнамерна раскіданымі дробнымі цёмнымі плямамі. Канечнасці доўгія, тонкія, кіпцюры вял., тупыя, неўцяжныя (адзінае выключэнне ў сям.). Вушы закругленыя. Корміцца пераважна капытнымі (газелі і інш. дробныя антылопы, бараны), таксама зайцамі, грызунамі і птушкамі. Даганяючы здабычу, развівае скорасць да 110 км/гадз. У Індыі і Іране гепердаў прыручалі, дрэсіравалі і выкарыстоўвалі для палявання на антылоп. Нараджае 1—4 дзіцянят. Добра размнажаецца ў няволі.
т. 5, с. 165
ГЕПАРЫ́Н
(ад грэч. hēpar печань),
сульфатаваны мукаполіцукрыд, прыродны інгібітар сістэмы згусання крыві. Выдзелены з печані. Сінтэзуецца тлустымі клеткамі крывяносных сасудаў, печані, сэрца, лёгкіх. Комплексы гепарыну з бялкамі сістэмы згусання крыві (фібрынагенам і інш.) раствараюць агрэгаты нестабілізаванага фібрыну in vitro. Гепарын павышае пранікальнасць сасудаў, устойлівасць арганізма да гіпаксіі, уздзеяння таксінаў і вірусаў, зніжае ўзровень цукру ў крыві, прыгнятае актыўнасць шэрагу ферментаў, расшырае сасуды сэрца і нырак. Атрымліваюць з печані і лёгкіх буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
т. 5, с. 165
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ,
Боткіна хвароба, вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
П.Л.Новікаў.
т. 5, с. 165
ГЕПІ́ДЫ
(лац. Gepidae),
група герм. плямён, роднасных готам. У 2 ст. перасяліліся са Скандынавіі на ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага мора. У канцы 2 ст. рушылі ўслед за готамі на ПдУ. У канцы 4 ст. ўключаны ў племянны саюз гунаў. У 2-й пал. 6 ст. заваяваны аб’яднанымі сіламі лангабардаў і авараў. Апошні раз згадваюцца ў 9 ст.
т. 5, с. 165
ГЕПТА́Н,
насычаны вуглевадарод, C7H16. Гептан нармальнай будовы (н-гептан) і яго 8 ізамераў — бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў спірце, эфіры, хлараформе, не раствараюцца ў вадзе. н-гептан. CH3—(CH2)5—CH3 вадкасць са слабым пахам бензіну, tкіп 98,4 °C, шчыльн. 683,8 кг/м³. Сумесь з паветрам (1,1—6% гептана) выбухованебяспечная. Атрымліваюць з бензінавых фракцый нафты адсорбцыяй на цэалітах. Пры каталітычным рыформінгу дэгідрацыклізуецца ў талуол і ізамерызуецца ў ізагептаны — высокаактанавыя кампаненты маторнага паліва (напр., трыптан — 2,2,3-трыметыленбутан мае актанавы лік 130). Выкарыстоўваюць як растваральнік і эталон пры вызначэнні актанавага ліку.
т. 5, с. 165
ГЕПТО́Д
[ад грэч. hepta сем + (электр)од],
электравакуумная прылада, якая мае 7 электродаў: катод, анод і 5 сетак (кіравальная, сігнальная, 2 экранавальныя, антыдынатронная). У рэжыме змяшэння прыняты сігнал падаецца на сігнальную сетку, а сігнал ад дапаможнага генератара (гетэрадзіна) — на кіравальную. У рэжыме пераўтварэння гептод спалучае функцыі змяшальніка і лямпы гетэрадзіна. Выкарыстоўваецца ў змяшальніках і пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў.
т. 5, с. 165