Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕВА́НДХАЎЗ

(ням. Gewandhaus літар. дом адзення),

назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.

т. 5, с. 129

ГЕВА́РА ДЭ ЛА СЕ́РНА

(Geuvara de la Serna) Эрнеста [вядомы і як Чэ (Ché); 14.6.1928, г. Расарыо, Аргенціна — 8.10.1967], лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, дзярж. і паліт. дзеяч Кубы. Урач. У 1954 удзельнічаў у рэв. барацьбе ў Гватэмале. У 1955 у Мексіцы ўвайшоў у групу Ф.Кастра Руса, у складзе якой высадзіўся на Кубу (снеж. 1956). Адзін з кіраўнікоў Кубінскай рэвалюцыі 1959. Прэзідэнт Нац. банка Кубы (1959—61),

міністр нац. прам-сці (1961—65). Адзін з кіраўнікоў «Руху 26 ліпеня», пасля чл. Нац. кіраўніцтва Аб’яднаных рэв. арг-цый Кубы. Прыхільнік тэорыі экспарту рэвалюцыі. У 1965 пакінуў Кубу і кіраваў у 1966—67 партыз. атрадам у Балівіі, трапіў у палон, забіты. Аўтар прац пра Кубінскую рэвалюцыю 1959.

т. 5, с. 129

ГЕВЕ́ЛІЙ

(лац. Hevelius) Ян (28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),

польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.

т. 5, с. 130

ГЕВЕ́Я

(Hevea),

род раслін сям. малачайных. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў лясах трапічнай Амерыкі. Гевею бразільскую (Н. brasiliensis), якая расце ў басейне р. Амазонка (а таксама 2 інш. віды), культывуюць у вільготных тропіках як асн. крыніцу каўчуку натуральнага.

Дрэва выш. 30—40 м. Лісце трайчастаскладанае. Кветкі дробныя, аднаполыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод каробачкападобны. Насенне авальнае, буйное (да 3 см), з шчыльнай карычневай абалонкай. Млечны сок мае ў сабе каўчук, для атрымання якога дрэва падсочваюць з 10—12-гадовага ўзросту. З аднаго дрэва атрымліваюць да 7,5 кт каўчуку за год.

т. 5, с. 130