Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕО́ГРАФА ЗАЛІ́Ў

(Geographe Bay),

заліў у Індыйскім ак., каля паўд.-зах. берага Аўстраліі. Даўж. каля 65 км. Глыб. да 27 м. Упадае р. Васа. Прыбярэжная прастора занята водмелямі і рыфамі. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Парты Банберы і Баселтан. Адкрыты ў 1801 і названы ў гонар карабля франц. экспедыцыі Н.Бадэна «Географ».

т. 5, с. 162

ГЕО́ІД

(ад геа... + грэч. eidos выгляд),

сапраўдная фігура Зямлі, абмежаваная ўзроўневай паверхняй (сярэдні ўзровень вады Сусветнага ак., мысленна прадоўжаны пад мацерыкамі). Форма геоіда ў выніку сутачнага абарачэння Зямлі блізкая да эліпсоіда вярчэння, але яго паверхня ўскладнена з-за нераўнамернасці размеркавання мас унутры Зямлі. Паверхня геоіда перпендыкулярная да напрамку сілы цяжару ва ўсіх кропках, больш згладжаная, чым фіз. паверхня Зямлі, на якой рэзка выражаны горы і акіянскія ўпадзіны. Яна выпуклая, сярэдняя велічыня адхілення геоіда ад найб. удала падабранага зямнога сфероіда складае ±50 м, а максімальнае адхіленне ±100 м.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 162

ГЕОЛАГАРАЗВЕ́ДАЧНЫ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДГРІ). Створаны ў 1927 у Мінску як Геал. ін-т на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта. З 1928 у АН БССР, з 1963 у Мін-ве геалогіі СССР, з 1969 ва Упраўленні геалогіі БССР, з 1987 у вытворчым аб’яднанні «Беларусьгеалогія». Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне геал. будовы тэр. Беларусі і заканамернасцей фарміравання і размяшчэння радовішчаў карысных выкапняў; прагнозная ацэнка мінер.-сыравінных рэсурсаў; вызначэнне кірункаў геолагапошукавых работ; гідрагеал., інж.-геал. і эколага-геал., у т. л. радыеэкалагічныя даследаванні; распрацоўка і ўкараненне прагрэс. геафіз., геахім., матэм. і інш. метадаў прагнозу, пошукаў і разведкі радовішчаў; удасканаленне тэхналогіі свідравання на нафту і газ. У ін-це працавалі акадэмікі М.Ф.Бліадухо, Г.В.Багамолаў, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў.

У.М.Губін.

т. 5, с. 162

ГЕО́РГ

(George),

імя англ. каралёў у 20 ст. Найб. значныя прадстаўнікі:

Георг І (7.6.1660, г. Гановер, Германія — 22.6.1727), кароль [1714—27], курфюрст гановерскі з 1698, першы прадстаўнік Гановерскай дынастыі. Быў далёкі ад культуры і нац. інтарэсаў Англіі, мала цікавіўся англ. палітыкай, што дало магчымасць правячай партыі вігаў умацаваць самастойнасць парламента ў адносінах да кароны.

Георг III (4.6.1738, Лондан — 29.1.1820), кароль [1760—1820], у 1760—1815 курфюрст, потым кароль гановерскі. У парламенце абапіраўся на торы, адцясняў вігаў ад кіравання дзяржавай. Праводзіў жорсткую каланіяльную палітыку. Удзельнічаў у барацьбе еўрап. манархій супраць франц. рэвалюцыі 1789—99 і арганізацыі кааліцыі супраць Напалеона. У сувязі з псіхічнай хваробай да Георга III у 1811 прызначаны рэгент прынц Уэльскі (фактычна правіў з перапынкамі з 1788; з 1820 кароль Георг IV).

Георг IV (12.8.1762, Лондан — 26.6.1830), кароль [1820—30], адначасова кароль гановерскі; у 1811—20 прынц-рэгент. Падтрымліваў антыдэмакр. курс урада торы. Актыўны прыхільнік палітыкі Свяшчэннага саюза. Пры ім задушаны нац. рух у Ірландыі.

Георг V (3.6.1865, Лондан — 20.1.1936), кароль [1910—36], прадстаўнік Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі, перайменаванай у 1917 у Віндзорскую дынастыю. Значнай ролі ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі не адыгрываў.

т. 5, с. 162

ГЕО́РГ,

Георгіяс (Geōrgios), імя грэч. каралёў у 19—20 ст.

Георг І (24.12.1845, Капенгаген — 18.3.1913), кароль у 1863—1913. З дынастыі Глюксбургаў. Другі сын дацкага караля Крысціяна IX. Выбраны 30.3.1863 Нац. сходам Грэцыі са згоды дзяржаў-заступніц (Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі) пераемнікам скінутага грэч. караля Атона І. У 1864 падпісаў канстытуцыю, якая ўвяла ў краіне парламентарызм. Пры Георгу І да Грэцыі далучаны Іанічныя а-вы (1864), б.ч. Фесаліі і ч. Эпіра (1881). Забіты ў Салоніках у час Балканскіх войнаў 1912—13.

Георг II (19.7.1890, Татоі, каля Афін — 1.4.1947), кароль у 1922—23, 1935—41, 1946—47. З дынастыі Глюксбургаў. Сын грэч. караля Канстанціна І, унук Георга І. Заняў прастол пасля ваен. перавароту 1922. У снеж. 1923 пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў у Лондан. У 1935 вярнуўся на трон пасля ініцыіраванага манархістамі спрэчнага рэферэндуму. Садзейнічаў устанаўленню дыктатуры ген. І.Метаксаса. У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Егіпце і Вялікабрытаніі (з 1941). Вярнуўся на прастол пасля рэстаўрацыі ў Грэцыі манархіі ў выніку плебісцыту 1.9.1946.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГА ЗЯМЛЯ́,

востраў у архіпелагу Франца Іосіфа Зямля. Пл. больш за 2,7 тыс. км². Выш. да 416 м. На б. частцы тэр. покрыўныя ледавікі. Адкрыты ў 1880 англ. экспедыцыяй Лі Сміта. Названы ў гонар прынца Уэльскага Георга (у далейшым англ. караля Георга V).

т. 5, с. 163

ГЕО́РГА СВЯТО́ГА ПРАЛІ́Ў

(Saint George’s Channel),

Паўднёвы канал, праліў паміж а-вамі Вялікабрытанія і Ірландыя. На Пд злучае Ірландскае м. з Атлантычным ак. Даўж. 185 км, найменшая шыр. 92 км, найменшая глыб. на фарватэры 55 м.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГЕ

(George) Стэфан (12.7.1868, г. Бюдэсгайм, Германія — 4.12.1933),

нямецкі паэт. Адзін з вядучых прадстаўнікоў ням. сімвалізму. У 1892—1919 выдаваў заснаваны ім элітарны час. «Blátter für die Kunst» («Лісткі мастацтва»), вакол якога гуртаваліся паэты і вучоныя (т.зв. george-Kreis). Аўтар зб-каў вершаў «Гімны» (1890), «Паломніцтвы» (1891), «Кнігі пастухоўскіх і хвалебных вершаў, паданняў і песень» (1895), «Дыван жыцця і песні пра сон і смерць з пралогам» (1905), «Сёмае кола» (1907), «Зорка саюзу» (1914), «Вайна» (1917), «Тры напевы» (1921) і інш. У сваёй творчасці арыентаваўся на самапаглыбленасць мастака і самадастатковасць мастацтва, незалежнага ад рэчаіснасці. Некаторыя матывы ў позняй творчасці Георге (зб. «Новае царства», 1928) былі выкарыстаны ням. нацысцкімі ідэолагамі. Але паэт, адмаўляючы фашызм, эмігрыраваў і памёр у выгнанні.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихотворения] // Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГІ Іван Іванавіч

(Іаган Готліб; 31.12.1729, Памор’е, Польшча — 27.10.1802),

этнограф, прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1783). Вучыўся ў К.Лінея. З 1770 у Пецярбургскай АН. У 1768—74 з экспедыцыяй наведаў ПдУ Расіі, Алтай, Забайкалле, Урал, Паволжа, абследаваў і склаў карту воз. Байкал, апісаў клімат, флору і фауну наваколля. Аўтар працы пра народы Расіі «Апісанне ўсіх народаў, якія пражываюць у Расійскай дзяржаве, а таксама іх жыццёвых абрадаў, веравызнанняў, звычак, вопраткі, жылля і іншых векапомнасцей» (ч. 1—3, 1776—77). Займаўся таксама хіміяй, медыцынай, гісторыяй навук. адкрыццяў у Расіі, Іране і інш.

Літ.:

Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966.

т. 5, с. 163

ГЕО́РГІЕЎ Георгій Паўлавіч

(н. 4.2.1933, Ленінград),

расійскі біяхімік. Акад. Расійскай АН (1987, чл.-кар. 1970). Скончыў 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1956). З 1956 у Ін-це марфалогіі жывёл, з 1963 у Ін-це малекулярнай біялогіі АН Расіі. Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэалізацыі генетычнай інфармацыі. Адкрыў у ядрах клетак жывёл ядзерную РНК — папярэднік матрычнай РНК (1961), вынайшаў у клетках інфармасомы і вызначыў іх структуру (1965—70). Знайшоў у жывёльных клетках і даследаваў мабільныя генетычныя элементы. Ганаровы чл. Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1972). Ленінская прэмія 1976. Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 5, с. 163