Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕМ,

комплекснае злучэнне парфірыну з двухвалентным жалезам. У жывых арганізмах уваходзіць у складаныя бялкі — гемапратэіды. У залежнасці ад замяшчальнікаў у парфірынавым цыкле адрозніваюць гем а, в (пратагем, або проста гем), с і г.д. Найб. пашыраны гем в (уваходзіць у састаў гемаглабіну, міяглабіну, каталазы, пераксідазы і большасці цытахромаў), у аснове якога ляжыць протапарфірын IX. Больш складаную будову мае гем а — прастатычная група ферменту клетачнага дыхання цытахромаксідазы. Свабодны гем лёгка акісляецца ў паветры да гематыну.

т. 5, с. 146

ГЕ́МА

(лац. Gemma),

твор гліптыкі, каштоўны або паўкаштоўны камень з урэзанымі (інталія) або выпуклымі (камея) выявамі. У старажытнасці гему выкарыстоўвалі як пячаткі, знакі ўласнасці, пазней — як амулеты, упрыгожанні.

Літ.:

Неверов О.Я. Геммы античного мира. М., 1983.

т. 5, с. 146

ГЕМАГЛАБІ́Н

(ад гема... + лац. globus шар),

Hb, чырвоны жалезазмяшчальны пігмент крыві і гемалімфы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных жывёл. Выконвае функцыю пераносу кіслароду з органаў дыхання да тканак і вуглякіслага газу ад тканак да органаў дыхання. У большасці беспазваночных гемаглабін раствораны ў крыві, у пазваночных і некат. беспазваночных знаходзіцца ў чырвоных крывяных клетках — эрытрацытах. Малекулярная маса гемаглабіну эрытрацытаў млекакормячых 64 500, растворанага ў плазме да 3 000 000. Паводле хім. прыроды гемаглабін — складаны бялок — хромапратэід, які складаецца з бялку глабіну і жалезапарфірыну — гему. У вышэйшых жывёл і чалавека гемаглабін уключае 4 субадзінкі — манамеры з малекулярнай масай каля 17 000; 2 манамеры маюць па 141 астатку амінакіслот (β-ланцугі), 2 іншыя — па 146 астаткаў (α-ланцугі). Колькасць гемаглабіну ў крыві чалавека ў сярэднім 13—16 г% (78—96% па Салі); у жанчын гемаглабіну крыху менш, чым у мужчын. Якасць гемаглабіну змяняецца ў антагенезе.

А.М.Ведзянееў.

т. 5, с. 146

ГЕМАДЫЯ́ЛІЗ

(ад гема... + дыяліз),

метад ачышчэння крыві ад нізка- і сярэднемалекулярных рэчываў апаратам штучнай ныркі праз паўпранікальную мембрану і дыялізуючы раствор. Выкарыстоўваецца пры лячэнні вострай і хранічнай нырачнай недастатковасці, вострых атручэнняў. Гемадыяліз ажыццяўляе абменнае пераліванне крыві (адначасовае масіўнае кровапусканне з пераліваннем такой жа колькасці крыві), абмыванне брушыны салявым растворам (перытанеяльны дыяліз), прамыванне слізістай абалонкі кішэчніка ўмерана гіпертанічным растворам (кішачны дыяліз).

т. 5, с. 146

ГЕМАЛІЗІ́НЫ,

рэчывы, здольныя вызваляць гемаглабін з эрытрацытаў крыві. Пры гэтым гемаглабін раствараецца ў плазме або навакольнай вадкасці і кроў робіцца празрыстай (лакавая кроў). Гемалізіны — прадукты жыццядзейнасці многіх бактэрый паразітычных чарвей, насякомых, скарпіёнаў, некат. ядавітых змей (лізалецыціны). Адрозніваюць нармальныя гемалізіны (прысутнічаюць у сываратцы крыві і лізіруюць уласныя эрытрацыты — аўтагемоліз), ізалізіны — лізіруюць эрытрацыты, уведзеныя ўнутрывенна ад жывёл таго ж віду, і гетэралізіны — ад інш. віду.

т. 5, с. 146

ГЕМАЛІТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ,

эрытрабластоз плода, прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл. Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл. Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.

т. 5, с. 146

ГЕМАЛО́ГІЯ

(ад гема + ..логія),

сукупнасць звестак аб каштоўных і вырабных камянях. Вывучае фіз. ўласцівасці, асаблівасці хім. саставу, дэкаратыўна-маст. вартасці, мінерагеніі радовішчаў, а таксама тэхналогіі апрацоўкі. Устанаўлівае адрозненні прыродных каштоўных камянёў (рубін, сапфір, ізумруд, жэмчуг і інш.) ад іх сінт. аналагаў і імітацый.

т. 5, с. 147

ГЕМАНХО́З,

інвазійная хвароба жвачных, пры якой пашкоджваецца сычуг. Да яе ўспрымальныя авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, многія дзікія жывёлы, зрэдку грызуны і чалавек. Узбуджальнікам геманхозу з’яўляюцца нематоды з роду Haemonchus, якія развіваюцца без прамежкавага гаспадара. Найб. пашыраны Н. contortus паразітуе ў дробных жвачных, Н. plocei — у буйн. раг. жывёлы.

Найб. заражаюцца маладыя жывёлы, асабліва ягняты ў канцы лета і восенню пры заглынанні лічынак з кормам ці вадой. Паразіты пашкоджваюць слізістую абалонку сычуга і кормяцца крывёй гаспадара. Развіваецца прагрэсіруючая анемія, парушаецца работа органаў кроваўтварэння. У хворых жывёл назіраецца прыгнечанне, паносы, схудненне, можа павышацца т-ра. Маладыя жывёлы часта гінуць.

т. 5, с. 147

ГЕМАПРАТЭІ́ДЫ,

складаныя бялкі, якія маюць у сабе афарбаваную прастэтычную групу — гем. Належаць да хромапратэідаў (гемаглабіны, міяглабін, цытахромы і інш.).

т. 5, с. 147

ГЕМАРАГІ́ЧНАЯ СЕПТЫЦЭМІ́Я,

гл. Пастэрэлёз.

т. 5, с. 147