ГЕЙ Канстанцін Веньямінавіч
(жн. 1896, С.-Пецярбург — 25.2.1939),
савецкі парт. дзеяч. У Кастр. Рэвалюцыю 1917 і грамадз. вайну старшыня Пскоўскага губвыканкома, сакратар Пскоўскага губкома РКП(б). З 1922 заг. арганізац. аддзела Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б). З 1923 сакратар Свярдлоўскага губкома, з 1925 заг. арганізац. аддзела ЦК ВКП(б), чл. Выканкома Прафінтэрна. З 3.1.1930 да 18.1.1932 1-ы сакратар і чл. Бюро ЦК КП(б)Б. З 1932 сакратар Маскоўскага к-та ВКП(б). З 1934 упаўнаважаны Камісіі сав. кантролю пры СНК СССР па Узбекістане, з 1937 — па Горкаўскай вобл. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1924—34. Чл. ЦВК БССР у 1930—32. На пасадзе 1-га сакратара ЦК КП(б)Б прымаў актыўны ўдзел у барацьбе супраць т.зв. нацдэмаўшчыны, пры ім быў сфальсіфікаваны працэс па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
М.Ф.Шумейка.
т. 5, с. 133
ГЕ́ЙГЕР,
Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945), нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл. Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.
т. 5, с. 133
ГЕ́ЙГЕРАЎСКІ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
Гейгера—Мюлера лічыльнік, газаразрадны дэтэктар радыеактыўных і інш. іанізавальных выпрамяненняў. Вынайдзены ў 1908 Г.Гейгерам разам з Э.Рэзерфардам; удасканалены Гейгерам і ням. фізікам В.Мюлерам. Гама-выпрамяненне рэгіструецца па другасных іанізавальных часціцах (напр., фотаэлектронах, комптанаўскіх электронах; гл. Комптана эфект), нейтроны — па ядрах атамаў аддачы і прадуктах ядз. рэакцый у газе лічыльніка. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, археалогіі, геалогіі, тэхніцы.
Рабочы аб’ём Гейгераўскага лічыльніка (газаразрадны прамежак з неаднародным эл. полем) запаўняюць інертным газам (у самагасільных лічыльніках з дамешкай пары спірту або галагенаў) пад ціскам 13—26 кПа. Найб. пашыраны лічыльнікі з кааксіяльнымі цыліндрычнымі электродамі: вонкавы цыліндр (катод) і тонкая нітка ўздоўж яго восі (анод). Эл. імпульсы, што выяўляюцца пры эл. разрадах у лічыльніку, узмацняюцца і рэгіструюцца спец. прыстасаваннем.
А.В.Берастаў.
т. 5, с. 133
ГЕ́ЙДРЫХ (Heydrich) Рэйнгард, гл. Гайдрых Рэйнгард.
т. 5, с. 133
ГЕЙДУКЕ́ВІЧ Станіслаў Сільвестравіч
(13.5.1876, Мінск — 25.5.1937),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1910). З 1910 у Мінску. У 1921—27 заг. праектнага аддзела К-та дзярж. пабудоў пры СНК БССР, у 1929—37 выкладаў у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме. У 1937 рэпрэсіраваны. Асн. работы ў Мінску: жылыя дамы па вул. Захар’еўскай (сучасная вул. Савецкая), даходны дом Е.Кастравецкай, будынак польск. банка (не зберагліся), Дом селяніна (1929, у сааўт; разбураны ў Вял. Айч. вайну). Удзельнічаў у распрацоўцы праекта 1-й Усебеларускай с.-г. і прамысл. выстаўкі (1930, гал. ўваход, асн. павільёны) і інш. У яго творчасці выразна прасочваецца імкненне да адраджэння бел. арх. традыцый і ансамблевай забудовы горада.
В.М.Чарнатаў.
т. 5, с. 133
ГЕЙДЭБРЭ́ХТ Эрнст Давыдавіч
(н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),
мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.
Літ.:
Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;
Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.
У.В.Мальцаў.
т. 5, с. 133
ГЕЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
гл. Гайдэльбергскі універсітэт.
т. 5, с. 133
ГЕЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ ЧАЛАВЕ́К,
самы старажытны выкапнёвы чалавек у Еўропе, які жыў 500—800 тыс. г. назад. Сківіца гейдэльбергскага чалавека з поўным наборам зубоў знойдзена ў 1908 у пясчаным кар’еры каля в. Маўэр непадалёку ад г. Гайдэльберг (Германія), адносіцца да тыпу Homo erectus.
т. 5, с. 133
ГЕ́ЙДЭНШТЭЙН,
Гайдэнштайн (Heidenstein) Рэйнгальд
[1553, в. Сулячына Слупскага ваяв., Польшча — 24.12.1620],
нямецкі і польскі гісторык, дыпламат, юрыст. Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Вітэнберга, Падуі, Парыжа, Арлеана. Сакратар прускага герцага Альбрэхта II Фрыдрыха, з 1582 — вял. князёў ВКЛ і каралёў польскіх Стафана Баторыя і Жыгімонта III Вазы. Выконваў дыпламат. даручэнні, падрыхтаваў рэформу феад. права Прусіі. З 1612 у адстаўцы, займаўся гісторыка-літ. творчасцю. На падставе дакументаў і сведчанняў удзельнікаў у 1584 выдаў на лац. мове «Запіскі аб Маскоўскай вайне» — храналагічнае апісанне апошняга перыяду Лівонскай вайны 1558—83. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі вайны. «Запіскі...» увайшлі ў гал. працу Гейдэнштэйна — «Гісторыю Польшчы ад смерці Жыгімонта Аўгуста» (выдадзена ў 1672 яго сынам Янам), якая ахоплівае падзеі 1572—1603. Гейдэнштэйн выступаў за моцную каралеўскую ўладу, ухваляў дзейнасць Баторыя. Напісаў паліт. трактат «Канцлер» і біяграфію свайго заступніка кароннага канцлера Я.Замойскага.
Тв.:
Рус. пер. — Записки о Московской войне (1578—1582). СПб., 1889.
т. 5, с. 134
ГЕ́ЙЗЕНБЕРГ (Heisenberg) Вернер Карл, гл. Гайзенберг Вернер Карл.
т. 5, с. 134