ГЕ́ЙДЭНШТЭЙН,
Гайдэнштайн (Heidenstein) Рэйнгальд
[1553, в. Сулячына Слупскага ваяв., Польшча — 24.12.1620],
нямецкі і польскі гісторык, дыпламат, юрыст. Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Вітэнберга, Падуі, Парыжа, Арлеана. Сакратар прускага герцага Альбрэхта II Фрыдрыха, з 1582 — вял. князёў ВКЛ і каралёў польскіх Стафана Баторыя і Жыгімонта III Вазы. Выконваў дыпламат. даручэнні, падрыхтаваў рэформу феад. права Прусіі. З 1612 у адстаўцы, займаўся гісторыка-літ. творчасцю. На падставе дакументаў і сведчанняў удзельнікаў у 1584 выдаў на лац. мове «Запіскі аб Маскоўскай вайне» — храналагічнае апісанне апошняга перыяду Лівонскай вайны 1558—83. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі вайны. «Запіскі...» увайшлі ў гал. працу Гейдэнштэйна — «Гісторыю Польшчы ад смерці Жыгімонта Аўгуста» (выдадзена ў 1672 яго сынам Янам), якая ахоплівае падзеі 1572—1603. Гейдэнштэйн выступаў за моцную каралеўскую ўладу, ухваляў дзейнасць Баторыя. Напісаў паліт. трактат «Канцлер» і біяграфію свайго заступніка кароннага канцлера Я.Замойскага.
Тв.:
Рус. пер. — Записки о Московской войне (1578—1582). СПб., 1889.
т. 5, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)