ГЕЙДЭБРЭ́ХТ Эрнст Давыдавіч
(н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),
мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.
Літ.:
Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;
Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.
У.В.Мальцаў.
т. 5, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)