ГЕЗГА́ЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь (9 км ад вусця), каля в. Гезгалы, за 14 км на Пн ад г. Дзятлава. Створана ў 1959. Пл. 1,22 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 1,22 млн. м³. Правы бераг выш. 2,5—3 м, парослы лесам, левы спадзісты, пад лугам. Дно выслана глеем і пяском. Ёсць 9 астравоў агульнай пл. 0,1 км². Сярэднегадавы сцёк 278 млн. м³. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Гезгальская ГЭС), для рыбагадоўлі і адпачынку.
т. 5, с. 132
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 132