ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб. стараж. надпіс на раннім іўрыце.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)