ГЕПАРЫ́Н

(ад грэч. hēpar печань),

сульфатаваны мукаполіцукрыд, прыродны інгібітар сістэмы згусання крыві. Выдзелены з печані. Сінтэзуецца тлустымі клеткамі крывяносных сасудаў, печані, сэрца, лёгкіх. Комплексы гепарыну з бялкамі сістэмы згусання крыві (фібрынагенам і інш.) раствараюць агрэгаты нестабілізаванага фібрыну in vitro. Гепарын павышае пранікальнасць сасудаў, устойлівасць арганізма да гіпаксіі, уздзеяння таксінаў і вірусаў, зніжае ўзровень цукру ў крыві, прыгнятае актыўнасць шэрагу ферментаў, расшырае сасуды сэрца і нырак. Атрымліваюць з печані і лёгкіх буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)