ГЕПА́РД

(Acinonyx Jubatus),

млекакормячае сям. кашачых, атр. драпежных. Жыве ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Трапляецца ў адкрытых месцах — гліністых пустынях, травяністых саваннах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 123—150 см, хваста 63—75 см, выш. ў карку каля 100 см. Афарбоўка гладкай кароткай поўсці пясочна-жоўтая з раўнамерна раскіданымі дробнымі цёмнымі плямамі. Канечнасці доўгія, тонкія, кіпцюры вял., тупыя, неўцяжныя (адзінае выключэнне ў сям.). Вушы закругленыя. Корміцца пераважна капытнымі (газелі і інш. дробныя антылопы, бараны), таксама зайцамі, грызунамі і птушкамі. Даганяючы здабычу, развівае скорасць да 110 км/гадз. У Індыі і Іране гепердаў прыручалі, дрэсіравалі і выкарыстоўвалі для палявання на антылоп. Нараджае 1—4 дзіцянят. Добра размнажаецца ў няволі.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)