ЛІДА́Р (англ. Lidar скарачэнне ад Light detection and ranging выяўленне і вызначэнне далёкасці пры дапамозе святла),
аптычны лакатар для дыстанцыйнага зандзіравання паветраных і водных асяроддзяў. Мае крыніцу аптычнага выпрамянення (лазер), тэлескоп з фотапрыёмнікам, сістэму рэгістрацыі і апрацоўкі вынікаў зандзіравання, устройствы кіравання і адлюстравання інфармацыі, блок сілкавання. Дзеянне Л. заснавана на прынцыпе дзеяння радыёлакацыйнай станцыі. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя. Гл. таксама Лазернае зандзіраванне.
т. 9, с. 249
ЛІДЗЕ́Я, Ліда,
рака ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Дзітва (бас. р. Нёман). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 167 км2. Пачынаецца каля в. Верхняя Ліда. Асн. прыток — р. Нарва. Даліна пераважна выразная. Пойма перарывістая, у ніжнім цячэнні парэзана меліярац. каналамі. Рэчышча на працягу 20 км каналізаванае. Берагі спадзістыя.
т. 9, с. 249
ЛІ́ДЗІН (Уладзімір Германавіч) (15.2. 1894, Масква — 27.9.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). Друкаваўся з 1916. У ранніх апавяданнях у асн. паказваў жыццё інтэлігенцыі (зб-кі «Трын-трава», 1916; «Паводка», 1917, і інш.). Любімыя героі Л. 1920-х г. (зб. «Норд», 1925; раман «Ідуць караблі», 1926) — валявыя людзі, шукальнікі шчасця, авантурысты. Кніга «Пуціна» (1930), раман «Вялікі альбо Ціхі» (1933) і інш. — пра Д. Усход. У творах 1950—60-х г. пераважаюць маральна-этычныя праблемы: раман «Два жыцці» (1950), зб. «Прылёт птушак. Апавяданні 1954—61» (1970). Аўтар кніг нарысаў і ўспамінаў «Шляхі і вёрсты» (1927), «Зіма 1941 года» (1942), «Людзі і сустрэчы» (1957, 1961, 1965). У 1916 служыў у арміі на Беларусі. У 1930-я г. пазнаёміўся з Я.Купалам, прысутнічаў на 1-м Усебел. з’ездзе пісьменнікаў у Мінску (1934). У зб. апавяданняў «Дарога на Захад» (1940) уражанні ад падзей вызвалення Зах. Беларусі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М.,1973—74;
Люди и встречи. Страницы полдня. М., 1980.
т. 9, с. 249
ЛІ́ДЗІЦЫ (Lidice),
шахцёрскі пасёлак у Чэхіі на 3 ад Прагі, знішчаны ў 2-ю сусв. вайну; увасабленне нацыянал-сацыялісцкага тэрору на акупіраваных тэрыторыях. Абвінаваціўшы жыхароў Л. ў хаванні байцоў чэхаславацкага руху Супраціўлення, якія здзейснілі замах на пратэктара Чэхаславакіі Р.Гайдрыха, 10.6.1942 ням. паліцэйскія і вайскоўцы поўнасцю разбурылі пасёлак, мужчын, каму больш за 16 гадоў (190—198 чал.), расстралялі, жанчын (195 чал.) дэпартавалі ў канцлагер Равенсбрук, а дзяцей (усяго 98) — у лагер СС на «анямечванне». У 1945 на месцы Л. засн. музей, у 1946 побач адноўлены пасёлак.
т. 9, с. 249
«ЛІДЗ ЭНД ЛЭГЗ»
(ад англ. leads and lags апярэджанні і адставанні),
тактыка маніпуліравання тэрмінамі правядзення разлікаў (паскарэнне або замаруджванне) з мэтаю атрымання фін. або інш. выгад. Ажыццяўляецца афіцыйна, праз змены бакамі тэрмінаў і ўмоў плацяжу, або шляхам невыканання адным з партнёраў умоў здзелкі. У знешнім гандлі «Л.э.л.» выкарыстоўваецца пры чаканні рэзкіх змен валютных курсаў (асабліва пры дэвальвацыі і рэвальвацыі) і працэнтных ставак, няўстойлівасці валютных пазіцый бакоў, верагоднасці змен рэжыму рэгулявання знешнегандл. аперацый, сістэмы валютных абмежаванняў, падаткаабкладання (гл. Падаткі) і інш. «Л.э.л.» можа выкарыстоўвацца і ва ўнутр. плацежным абарачэнні.
т. 9, с. 249
ЛІДС (Leeds),
горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі, на р. Эр. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Уэст-Иоркшыр. Вядомы з 7 ст. 677 тыс. ж. (1991). Вузел 7 чыгунак і 11 аўтадарог. Каналам звязаны з марскім портам Ліверпул. Важны прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т.л. эл.-тэхн.), ліцейная, швейная, шарсцяная, паліграф., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей, маст. галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст.
т. 9, с. 249
ЛІ́ДСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са снеж. 1941 да ліп. 1944 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Арганізатары і кіраўнікі М.М.Ігнатаў і А.А.Клімко. Мела 4 групы (35 чал.): на чыг. вузле, электрастанцыі чыг. вузла, у авіярамонтных майстэрнях, ням. ваен. шпіталі; 16 чал. дзейнічалі самастойна. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, звесткі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі. Наладзіўшы сувязь з партыз. атрадамі «Іскра», «Балтыец» і імя Варашылава, перапраўлялі ім зброю, медыкаменты, друкарскі шрыфт, перадавалі звесткі разведкі. За час акупацыі загінуў 21 падпольшчык. У Лідзе на ўшанаванне памяці падпольшчыкаў устаноўлены помнікі.
т. 9, с. 249
ЛІ́ДСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Створана ў 1929 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як ф-ка гумавых вырабаў «Ардаль». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1949 здадзены ў эксплуатацыю гумавы цэх, у 1952—3-і цэх мужчынскага, у 1957—7-ы цэх жаночага абутку. З 1994 народнае прадпрыемства «Лідская абутковая фабрыка». Асн. прадукцыя (1999): мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак.
т. 9, с. 249
ЛІ́ДСКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі на Пн Гродзенскай вобл. Мяжуе на ПнУ з Ашмянскім узвышшам, на ПдУ, Пд і ПдЗ з Верхнянёманскай нізінай, на 3 з Сярэднянёманскай нізінай, на Пн заходзіць у межы Літвы. Выш. 150—200 м, пл. каля 4 тыс. км2, працягнулася з ПдЗ на ПнУ на 125 км, з Пн на Пд на 50 км.
Прымеркавана да Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 100 м) характэрны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на Пн), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час. Л.р. — спадзістахвалістая другасная марэнная раўніна, нахіленая на Пд, да даліны р. Нёман. Складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з водналедавіковых пяскоў, у паўд. ч. трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Ваганні адносных вышынь да 5 м. Паверхня ўскладнена лагчынамі сцёку, далінамі дробных рэк і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя выш. 10—15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы Ад г. Шчучын на ПнУ да Ашмянскага ўзв. цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок. Асн. рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш. Пад лесам 30% тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на ПнУ, 3 і Пд трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невял. ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў. Найбольшыя балоты: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота. Пад ворывам 40% тэрыторыі.
Н.К.Кліцунова.
т. 9, с. 249
ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф. Л. і В. С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.
т. 9, с. 252