Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫКТЫЯКАЎЛЁЗЫ,

гельмінтозныя хваробы свойскіх і дзікіх траваедных жывёл, якія выклікаюцца нематодамі з роду Dictyocaulus. Вельмі пашыраны сярод авечак, коз і буйн. раг. жывёлы.

Развіццё гельмінта без удзелу прамежкавага гаспадара. Хварэе пераважна маладняк ва ўзросце да году. Жывёлы заражаюцца праз ваду і корм (пераважна ўлетку на пашы), інвазаваныя лічынкамі нематод. Першыя выпадкі захворвання адзначаюцца ў чэрв.—ліпені, максімальны пік інвазіі прыпадае на жнівень. Хвароба выяўляецца бранхітамі і запаленнем лёгкіх, анеміяй, знясіленнем.

т. 6, с. 280

ДЫКТЫЯКА́ЎЛЫ,

род чарвей кл. нематод. 6 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. распаўсюджаны і небяспечныя Д. ніткападобная (D. filaria) і Д. жывародная (D. viviparus), якія паразітуюць у бронхах і трахеях траваедных жывёл; выклікаюць дыктыякаўлёзы.

Цела (даўж. 12—150 мм) ніткападобнае, белаватае або жаўтавата-белае. Ротавая адтуліна абкружана 2 радамі сасочкаў і кутыкулярным кальцом, на дне ротавай поласці невял. зуб. Хвост у самкі завостраны, у самца з палавой рабрыстай бурсай і 2 спікуламі. Жывёлы заражаюцца інвазійнымі лічынкамі на пашы. Лічынкі трапляюць у кроў, потым у лёгачныя капіляры і ў дыхальныя шляхі. Палавой спеласці дасягаюць праз 21—60 дзён. Жывуць у арганізме жывёл 1,5 месяцы — 2 гады.

Дыктыякаўла жывародная: 1 — галаўны, 2 — хваставы канцы цела самкі.

т. 6, с. 280

ДЫ́КЦЫЯ (ад лац. dictio вымаўленне),

вымаўленне, ступень выразнасці ў вымаўленні слоў і складоў пры дэкламацыі, спяванні. Добрая Д. (выразнае і дакладнае вымаўленне) мае асабліва важнае значэнне для акцёра, спевака, дыктара, настаўніка, лектара і інш.

т. 6, с. 280

ДЫ́ЛА (Язэп) (Восіп Лявонавіч; псеўд. Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша і інш.; 14.4.1880, г. Слуцк Мінскай вобл. — 7.4.1973),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1890—98), Юр’еўскім вет. ін-це (г. Тарту, 1899—1903), адкуль выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903—04 у газ. «Северо-Западный край» (Мінск). У 1905 вёў нелегальную работу сярод бел. сялян. У 1906—18 працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз.—лютым 1919 камісар працы ў Часовым рабоча-сял. сав. урадзе Беларусі. У 1921—24 на розных кіруючых пасадах у Мінску. З 1924 правадз. член і вучоны сакратар Інбелкульта, дырэктар Ін-та па вывучэнні мастацтва, дырэктар БДТ-1 (Нац. тэатр імя Я.Купалы), нам. загадчыка Белдзяржкіно. У 1930 рэпрэсіраваны. З 1931 жыў і працаваў у Саратаве. Рэабілітаваны ў 1957. Як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве» абразком «Перад раніцаю...» (нап. 1909), вер шам «Вечар ясны, ціхі...» (1912). У 1918 змясціў у «Дзянніцы» шэраг публіцыст. артыкулаў. Аўтар драм. твораў «Пінскі гайдук» (паст. 1924, выд. 1926), «Падуанскі студэнт» (апубл. 1981, пра Ф.Скарыну, не закончаны), «Юнак з Крошына» (1965, пра П.Багрыма), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гіст. аповесці («Настасся Мякота», 1968, пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра А.Абуховіча, Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Райніса, прац аб тэатр. жыцці Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пад псеўд. А.Дыла выдаў кн. для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Пераклаў на бел. мову вершы М.Канапніцкай, п’есы Я.Райніса «Гірт з воўчага логу», Э.Сінклера «Злодзей», Я.Яноўскага «Гнеў» і інш.

Тв.:

Творы. Мн., 1981.

Літ.:

Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1984;

Родчанка Р. Язэп Дыла // Беларусь. 1984. № 10.

А.В.Мальдзіс.

Я.Дыла.

т. 6, с. 280

ДЫЛАТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. dilato пашыраю + ...метрыя),

раздзел фізікі і вымяральнай тэхнікі, які вывучае залежнасць змен памераў цела ад уздзеяння знешніх умоў: т-ры, ціску, эл. і магн. палёў і інш. Прылады для мэт Д. наз. дылатометрамі; выкарыстоўваюць таксама метады рэнтгенаўскага структурнага аналізу для выяўлення змен параметраў крышталічнай рашоткі ўзору. Метады Д. выкарыстоўваюць у фізіцы, матэрыялазнаўстве і інш.

т. 6, с. 281

ДЫЛАТО́МЕТР,

прылада, якая вымярае змены памераў цела, выкліканыя ўздзеяннем знешніх умоў (гл. Дылатаметрыя). Бывае оптыка-мех., ёмістасны, індукцыйны, інтэрферэнцыйны, рэнтгенаўскі, радыёрэзанансны і інш. Найб. важная характарыстыка — адчувальнасць да абс. змен памераў цела.

У оптыка-механічных Д. (адчувальнасць да 10​−7 см) змены памераў даследаванага ўзору выклікаюць адпаведныя зрушэнні светлавога паказальніка; у ёмістасных Д. (адчувальнасць да 10​−9 см) — змены ёмістасці калібраванага кандэнсатара; у індукцыйных Д. (адчувальнасць да 10​−9 см) пры зменах памераў узору змяняецца ўзаемаіндуктыўнасць двух шпуль індуктыўнасці; у інтэрферэнцыйных Д. (адчувальнасць да 10​−8 см) даследаваны ўзор размяшчаюць паміж аптычнымі пласцінамі і атрымліваюць інтэрферэнцыйную карціну пры асвятленні іх монахраматычным святлом (змены памераў выклікаюць зрушэнне інтэрферэнцыйных палос); у рэнтгенаўскіх Д. (адчувальнасць да 10​−6 см) вымяраюць змену параметраў крышталічнай рашоткі цела на рэнтгенаграмах; у радыёрэзанансных Д. (адчувальнасць да 10 ​12 см) выяўляюцца змены рэзананснай частаты аб’ёмнага рэзанатара, сценкі якога выраблены з даследаванага матэрыялу.

Дылатометры: а — вадкасны (1 — рэзервуар; 2 — калібраваны капіляр); б — кварцавы (1 — штурхач; 2 — трымальнік; 3 — узор; 4 — награвальнік або халадзільнік).

т. 6, с. 281

ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),

форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл. Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).

Т.І.Адула.

т. 6, с. 281

ДЫ́ЛЕР (англ. dealer),

пасрэднік, які выконвае гандл. аперацыі ад свайго імя і за свой кошт. У фін.-крэдытных адносінах дылерства азначае дзейнасць Д. па ажыццяўленні біржавых і пазабіржавых здзелак ад яго імя і за яго кошт.

т. 6, с. 281

ДЫЛЕТА́НЦТВА, дылетантызм (італьян. dilettante ад лац. delecto цешу, забаўляю),

занятак, захапленне якой-н. навукай, мастацтвам ці інш. справай без дастатковай спец. падрыхтоўкі, пры павярхоўным знаёмстве з прадметам; аматарства.

т. 6, с. 281

ДЫЛЕ́ЦКІ (Мікалай Паўлавіч) (каля 1613, Кіеў — пасля 1680),

украінскі муз. тэарэтык, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаве і Вільні, з канца 1670-х г. працаваў у Маскве. Аўтар трактата «Граматыка мусікійская», дзе найб. поўна выкладзены кампазіцыйныя асновы партэсных спеваў, вытлумачаны выразныя магчымасці музыкі ў духу тэорыі афектаў (гл. Афектаў тэорыя). Вядома некалькі рэдакцый гэтага трактата на розных мовах — польскай (1675, Вільня, не захаваўся), царк.-слав. (1677, Смаленск), рус. (1679, 1681, 1979, Масква; 1910, С.-Пецярбург), укр. (1723, Пецярбург; 1970, Кіеў). Гэта фундаментальная праца некалькі дзесяцігоддзяў была асноўнай пры вывучэнні тэорыі музыкі і кампазіцыі. Пад уплывам творчасці Д. склалася кампазітарская школа шматгалосых царк. спеваў. Яму належаць шматгалосыя хар. кампазіцыі.

т. 6, с. 281