ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),

форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл. Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).

Т.І.Адула.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)