Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛАНКААХО́ВА,

комплекс мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў для засцярогі будынкаў, збудаванняў, электратэхн. установак ад пашкоджанняў пры прамых ударах маланкі.

Кампактныя аб’екты ахоўваюць стрыжнёвымі маланкаадводамі (разлічваюцца на ток да 200 кА, супраціўленне зазямлення да 10—20 Ом), працяглыя аб’екты — тросавымі маланкаадводамі. Стальныя тросы падвешваюць над аб’ектам (напр., над паветранай лініяй электраперадачы) і зазямляюць. Ахоўная зона тросавага маланкаадвода мае форму трохграннай прызмы, рабром якой служыць трос. Для аховы эл. абсталявання (трансфарматараў, эл. машын і інш.), злучанага з правадамі паветр. ЛЭП, ад навальнічных перанапружанняў выкарыстоўваюць разраднікі. М. жылых будынкаў з метал. дахам робіцца зазямленнем даху.

М.А.Караткевіч.

Маланкаахова лініі электраперадачы: 1 — стойкі апоры; 2 — провад ЛЭП; 3 — маланкаахоўныя тросы; 4 — гірлянды ізалятараў; α — вугал аховы.

т. 10, с. 10

«МАЛА́НКАВАЯ ВАЙНА́», бліцкрыг (ням. Blitzkrieg ад Blitz маланка + Krieg вайна),

тэорыя вядзення войнаў, асноўным зместам якіх з’яўляецца дасягненне перамогі ў найкарацейшы тэрмін. Тэорыя створана герм. ген.-фельдмаршалам А. фон Шліфенам і інш. ідэолагамі герм. мілітарызму і пакладзена ў аснову ваен. стратэгіі Германіі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. Найважнейшыя палажэнні тэорыі «М.в.»: апярэджванне праціўніка ў сканцэнтраванні і разгортванні войск; дасягненне поўнай перавагі ў сілах і сродках на гал. напрамку; забеспячэнне аператыўна-стратэг. раптоўнасці; дэзарганізацыя кіравання войскамі і тылу праціўніка; нанясенне максімальна магутнага першага ўдару з мэтай дасягнення ў пачатковых бітвах рашаючага поспеху; знішчэнне ўзбр. сіл праціўніка шляхам іх рассячэння і акружэння ў выніку імклівых дзеянняў мотапяхоты і танкаў. План Шліфена, упершыню прыменены ў 1914, пацярпеў крушэнне. У 1930-я г. ням. тэарэтыкі, у т.л. Э.Людэндорф, прадоўжылі развіццё асн. палажэнняў «М.в.», прапанаваўшы тэорыю «татальнай вайны», згодна з якой узмацнялася значэнне нечаканага нападу, больш маштабнага тэрору з мэтай запалохвання насельніцтва, своечасовай падрыхтоўкі і шырокага выкарыстання падрыўных сіл на тэр. праціўніка. У пач. 2-й сусв. вайны стратэгія «М.в.» забяспечыла Германіі поспех у Зах. Еўропе. У час Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 вял. значэнне ў зрыве плана «М.в.» мелі абарончыя аперацыі на Беларусі, у т.л. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941 і інш., а таксама Смаленская бітва 1941. Разгром ням.-фаш. войск пад Масквой азначаў поўны крах планаў «М.в.». У сучасных умовах асн. палажэнні «М.в.», мадыфікаваныя стратэгамі ЗША і НАТО, апрабаваны ў вайне супраць Ірака (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91) і інш. войнах. Яе рысы: нанясенне загадзя запланаваных, высокадакладных, выбіральных удараў па стратэг. аб’ектах на ўсёй тэр. праціўніка ў спалучэнні з масіраваным выкарыстаннем інфарм. і радыёэлектроннай барацьбы. Сродкамі ўзбр. процідзеяння стратэгіі «М.в.» з’яўляецца своечасовае стварэнне сукупнасці ўзаемадзейных рэгіянальных інфарм.-ўдарных груповак войск, павышэнне эфектыўнасці ППА і інш.

Літ.:

Анфилов В.А. Провал «блицкрига». М., 1974.

І.Р.Дзенісенка.

т. 10, с. 10

МАЛА́НКІН (Уладзімір Андрэевіч) (4.5.1929, Мінск — 21.3.1978),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952, курс Дз.Арлова), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1959, курс А.Папова). З 1958 у Латв. т-ры юнага гледача ў Рызе. З 1962 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, у 1965—67 гал. рэжысёр Бел. т-ра юнага гледача. Адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1967 заг. кафедры). Рэжысуры ўласцівы глыбокае пранікненне ў стылявыя і жанравыя асаблівасці твора, ансамблевасць. З лепшых спектакляў: у рус. драм. т-ры — «Ленінградскі праспект» І.Штока (1963), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа і «Нашэсце» Л.Лявонава (абодва 1964), «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1971), «Адзіны наследнік» Ж.Ф.Рэньяра (1974), «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава (1975), «Апошнія» М.Горкага (1977, з Б.Луцэнкам), «Мальер» М.Булгакава (1978); у т-ры юнага гледача — «Пузыркі» А.Хмеліка (1965), «Варшаўскі набат» В.Карастылёва (1966) і інш. У Бел. т-ры імя Я.Купалы паставіў «Ноч памылак» О.Голдсміта (1963).

М.К.Саевіч.

т. 10, с. 10

МАЛАПЛО́ТНІЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1842—98 у маёнтку Малая Плотніца (цяпер вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Вырабляла ліставое шкло, бутэлькі і інш. посуд. У 1879 працавала 16 чал., выпушчана 90 скрынак ліставога шкла, 100 тыс. шт. бутэлек і інш. посуду. У 1898 працавала 80 чал.

т. 10, с. 10

МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Małopolskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Полыпчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 15,9 тыс. км2. Нас. 3204 тыс. чал. (1999), гарадскога 51%. Адм. цэнтр — г. Кракаў. Найб. гарады: Тарнаў, Новы-Сонч, Новы-Тарг. Паўн. частку М.в. займае Малапольскае ўзв., на ПнЗ — Кракаўска-Чанстахоўскае ўзв., у цэнтры — Асвенцімская і Сандамірская катлавіны, на Пд — Карпаты (Зах. Бяскіды). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Гал. рака Вісла з прытокамі Скава, Раба, Дунаец. Глебы падзолістыя, бурыя, горныя. Лясы займаюць 30% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), хім. (у т.л. фармацэўтычная), лёгкая, паліграф., дрэваапр. (у т.л. мэблевая), харч., тытунёвая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнага вугалю, свінцова-цынкавых руд, нафты, каменнай солі, вапнякоў. Пад с.-г. ўгоддзямі 56% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, авёс, ячмень, бульбу, хмель, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Курорты: Закапанэ (горнакліматычны), Вялічка (бальнеалагічны) і інш.

т. 10, с. 10

МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ЎЗВЫ́ШША (Wyżyna Małopolska),

пояс нагор’яў на Пд Польшчы. Цягнецца ў субшыротным напрамку ад рэк Одра і Просна на 3 да водападзелу паміж рэкамі Вепш і Буг на У. Пл. каля 36 тыс. км2. Выш. пераважна да 200—300 м, у цэнтр. і ўсх. частках больш за 400 м, найб. 612 м (г. Лысіца ў Свентакшыскіх гарах). Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляецца на ўзвышшы Заходне-, Сярэдне- і Усходне-Малапольскае. Складзена з карбанатных парод (вапнякі, мел, апока, гіпс), сланцаў і пясчанікаў. Пашыраны карст (пячора Рай). Карысныя выкапні: каменны вугаль, руды цынку і волава, мінер. воды. Урадлівыя глебы, развітыя на лёсах, выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы. Участкі букавых і мяшаных лясоў. Нац. паркі: Айцоўскі, Растачанскі, Свентакшыскі. Турызм, цэнтры адпачынку і лячэння (мінер. воды).

Т.Каліцкі.

т. 10, с. 11

МАЛАПО́ЛЬШЧА (Małopolska),

гістарычная вобласць Польшчы ў бас. верхняй і сярэдняй Віслы, у межах сучаснага Малапольскага ваяводства. У 9 ст. месца рассялення віслян і інш. плямён.

У 9—10 ст. землі М. ўваходзілі ў Вялікамараўскую дзяржаву і Чэшскае княства, з канца 10 ст. ў складзе стараж.-польскай дзяржавы Пястаў. Назва «М.» ўзнікла ў 14—15 ст. у адрозненне ад Вялікай (Старой) Польшчы (гл. Велікапольшча). У 11 ст. на тэр. М. існавалі 2 зямлі (правінцыі): Кракаўская з г. Кракаў (з 1040 сталіца Польшчы) і Сандамірская. У выніку распаду дзяржавы на ўдзелы абедзве зямлі ператварыліся ў княствы (пераважна належалі аднаму князю і ўтваралі ўдзел М.). Пасля ўз’яднання Польскай дзяржавы ў пач. 14 ст. з абодвух княстваў утвораны ваяводствы. У 1474 з Сандамірскага ваяв. вылучана Люблінскае ваяв., у 1564 да Кракаўскага ваяв. далучаны Асвенцімскае і Заорскае княствы. Пры падзеле Польшчы на правінцыі ў 1589 да М. далучаны ўкр. землі (ваяводствы Рускае, Валынскае, Падольскае, Брацлаўскае і Кіеўскае). У 14—16 ст. М. адна з найб. эканамічна развітых абласцей Польшчы, адыгрывала дамінуючую паліт. ролю ў дзяржаве. У 15 ст. шляхце М. і Велікапольшчы надаваліся асобныя прывілеі, існавалі 2 асобныя генеральныя сеймікі (для М. ў Новым-Корчыне). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай б.ч. М. далучана да Аўстрыі, ваяводствы Кіеўскае, Брацлаўскае і Падольскае — да Расіі. З 1809 паўн. ч. М. ў складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Каралеўства Польскага. У 1815—46 на тэр. Кракава з акругай існавала Кракаўская рэспубліка, у 1846 уключаная ў склад Аўстрыі. З 1918 уласна М. ў складзе адноўленай Польскай дзяржавы.

Н.К.Мазоўка.

т. 10, с. 11

МАЛАРАСІ́ЙСКАЯ КАЛЕ́ГІЯ,

цэнтральны орган Рас. імперыі па кіраванні Левабярэжнай Украінай у 1722—27 і 1764—86. Створана паводле ўказа Пятра I ад 27.5.1722 у рэзідэнцыі ўкр. гетманаў г. Глухаў. Падпарадкоўвалася Сенату. Кантралявала і накіроўвала дзейнасць казацкай старшыны. У 1727 заменена адноўленым гетманствам. Адноўлена ў 1764 пасля канчатковага скасавання гетманства. Спыніла дзейнасць 31.8.1786 пасля поўнай ліквідацыі аўтаноміі Левабярэжнай Украіны.

т. 10, с. 11

МАЛАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Oligotricha),

атрад прасцейшых кл. раснічных інфузорый. Нешматлікія прэснаводныя, марскія (тынтыніды) формы і інфузорыі, якія жывуць у страўніку (рубец, сетка) і тоўстых кішках жвачных млекакормячых — сям. афрыяскаляцыды (каля 120 відаў) і цыклапастыіды.

Форма цела складаная, са шкілетнымі і скарачальнымі элементамі. Суцэльнае раснічнае покрыва адсутнічае. Кормяцца бактэрыямі, грыбкамі, зернем крухмалу, часцінкамі раслін; ёсць драпежнікі. Размнажаюцца шляхам кан’югацыі, асобіны адрозніваюцца будовай шкілета, формай панцыра і інш.

Да арт. Малараснічныя інфузорыі. Афрыяскаляцыды: 1 — афрыясколекс; 2 — анапла́дыніум; 3 — астракадыніум.

т. 10, с. 11

МАЛАРМЭ́ ((Mallarmé) Стэфан) (18.3.1842, Парыж — 9.9.1898),

французскі паэт; галава сімвалізму. Вучыўся ў Англіі і Францыі. Друкаваўся з 1862. Зведаў уплыў Ш.Бадлера і Э.По. У эклозе «Папаўдзённы адпачынак Фаўна» (каля 1865, аднайм. сімф. прэлюдыя К.Дэбюсі, 1892), драм. паэме «Ірадыяда» (1867—69), паэмах «Ігітур» (1869), «Удача ніколі не скасуе выпадку» (1897), зб-ках «Вершы» (1887), «Вершы з нагоды» (1880—98), «Вершы і проза» (1893), вершы «Проза для Дэзесента» (1885) праз полісемічны сімвал, сугестыўнасць імкнуўся да спасціжэння непасцігальнага, «звышпачуццёвага», таемнай сутнасці быцця. Яго паэзія адметная асацыятыўнасцю, меладычнасцю, адмаўленнем сінтакс. і семантычных норм, насычана інверсіямі, прасякнута характэрнымі для эпохі дэкадансу настроямі тугі, адзіноты, безабароннасці чалавека. Аўтар філал. і гіст. кніг «Англійскія словы» (1878), «Антычныя багі» (1880), зб. тэарэт. прац «Адхіленні» (1897), літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. стихотворений. М., 1990;

Соч. в стихах и прозе. М., 1995.

Літ.:

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;

Великовский С.И. В скрешенье лучей;

Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987.

Е.А.Лявонава.

т. 10, с. 11