МАЛА́НКІН (Уладзімір Андрэевіч) (4.5.1929, Мінск — 21.3.1978),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952, курс Дз.Арлова), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1959, курс А.​Папова). З 1958 у Латв. т-ры юнага гледача ў Рызе. З 1962 рэжысёр Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, у 1965—67 гал. рэжысёр Бел. т-ра юнага гледача. Адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1967 заг. кафедры). Рэжысуры ўласцівы глыбокае пранікненне ў стылявыя і жанравыя асаблівасці твора, ансамблевасць. З лепшых спектакляў: у рус. драм. т-ры — «Ленінградскі праспект» І.​Штока (1963), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа і «Нашэсце» Л.​Лявонава (абодва 1964), «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава (1971), «Адзіны наследнік» Ж.​Ф.​Рэньяра (1974), «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава (1975), «Апошнія» М.​Горкага (1977, з Б.​Луцэнкам), «Мальер» М.​Булгакава (1978); у т-ры юнага гледача — «Пузыркі» А.​Хмеліка (1965), «Варшаўскі набат» В.​Карастылёва (1966) і інш. У Бел. т-ры імя Я.​Купалы паставіў «Ноч памылак» О.​Голдсміта (1963).

М.​К.​Саевіч.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)