МАЛАРМЭ́ ((Mallarmé) Стэфан) (18.3.1842, Парыж — 9.9.1898),
французскі паэт; галава сімвалізму. Вучыўся ў Англіі і Францыі. Друкаваўся з 1862. Зведаў уплыў Ш.Бадлера і Э.По. У эклозе «Папаўдзённы адпачынак Фаўна» (каля 1865, аднайм. сімф. прэлюдыя К.Дэбюсі, 1892), драм. паэме «Ірадыяда» (1867—69), паэмах «Ігітур» (1869), «Удача ніколі не скасуе выпадку» (1897), зб-ках «Вершы» (1887), «Вершы з нагоды» (1880—98), «Вершы і проза» (1893), вершы «Проза для Дэзесента» (1885) праз полісемічны сімвал, сугестыўнасць імкнуўся да спасціжэння непасцігальнага, «звышпачуццёвага», таемнай сутнасці быцця. Яго паэзія адметная асацыятыўнасцю, меладычнасцю, адмаўленнем сінтакс. і семантычных норм, насычана інверсіямі, прасякнута характэрнымі для эпохі дэкадансу настроямі тугі, адзіноты, безабароннасці чалавека. Аўтар філал. і гіст. кніг «Англійскія словы» (1878), «Антычныя багі» (1880), зб. тэарэт. прац «Адхіленні» (1897), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. стихотворений. М., 1990;
Соч. в стихах и прозе. М., 1995.
Літ.:
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Великовский С.И. В скрешенье лучей;
Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987.
Е.А.Лявонава.
т. 10, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)