Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫ́ПАЛІ (араб. Тарабулус-эль-Гарб),

горад, сталіца Лівіі. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Міжземнага м. 1822 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., гарбарная. Саматужныя промыслы (дываны, упрыгожанні і інш.). Рыбалоўства. Ун-т. Музеі: натуральнай гісторыі, археалагічны.

Засн. фінікійцамі ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. пад назвай Эа. У грэкаў Эа разам з калоніямі Сабрата і Лептыс-Магна наз. Трыпаліс (літаральна — тры гарады), назва Т. захавалася за Эа. У 105 да н.э. заваяваны рымлянамі. З 46 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Афрыка. У 5 ст. н.э. заваяваны вандаламі. у 6—7 ст. у складзе Візантыі, з 643 — у Араб. халіфаце. У 1510 захоплены Іспаніяй. У 1528 горад перайшоў пад уладу рыцарскага мальтыйскага ордэна. У 1551 падпарадкаваны туркамі-асманамі. У 1711—1835 рэзідэнцыя правячай у Лівіі дынастыі Караманлі, у 1835—1911 адм. цэнтр Асманскай імперыі. У 1911 заняты італьян. войскамі, адм. цэнтр уладанняў Італіі ў Паўн. Афрыцы. У 2-ю сусв. вайну ў 1943 заняты брыт. войскамі. Да абвяшчэння незалежнасці Лівіі (1951) Т. — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. У 1951—69 адна са сталіц (разам з Бенгазі) каралеўства Лівія, з 1969 сталіца Лівіі.

Стары горад — Медына (на ПдЗ; перабудаваны ў 2-й пал. 16 ст.) — размешчаны на скалістым мысе і абнесены з 2 бакоў сценамі На Пд і ПдУ — Новы горад з еўрап. кварталамі, грамадскімі і жылымі дамамі. Помнікі архітэктуры: трыумфальная арка Марка Аўрэлія (163—164); палац «Кастэла» («Чырвоны палац»; 1 ст. н.э., перабудаваны ў 14, 16 і 20 ст.), у ім размяшчаецца археал. музей; мячэці — Нага (верагодна, 10 ст., перабудавана ў 17 ст.), Караманлі (1736), Гурджы (1833).

т. 16, с. 5

ТРЫ́ПАЛІ (араб. Тарабулус-эш-Шам),

горад у Ліване. Адм. ц. мухафазы Паўн. Ліван. Засн. фінікійцамі ў 2-м тыс. да н.э. Каля 300 тыс. ж. (2001). Порт на Міжземным м. Канцавы пункт нафтаправода з Ірака. Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., суднабуд., цэм., металаапр., харчасмакавая, тэкстыльная. Арх. помнікі: замак крыжаносцаў Сен-Жыль (пач. 12 ст., перабудаваны ў асн. у 1307—08), Вялікая мячэць (перабудавана ў 1294 з хрысц. царквы), мячэць-маўзалей Сакракія (1359), мячэць-медрэсэ Буртасія (каля 1324), мячэць Тэйлан (Тэйналь, 1336), ханы (караван-сараі), рынкі і інш.

Панарама цэнтра Трыпалі.

т. 16, с. 5

ТРЫПАЛІТА́НІЯ,

адна з 3 гіст. абласцей Лівіі (Т., Кірэнаіка, Фецан). Назва ад яе сталіцы г. Трыпалі. У 6 — пач. 5 ст. да н.э. — самастойная вобласць, у 5—3 ст. да н.э. пад уладай Карфагена, у 2 ст. н.э. — Нумідыі. У канцы 2 ст. да н.э. заваявана Рымам, у пач. 5 ст. н.э. — вандаламі, у 6 ст. — Візантыяй. З сярэдзіны 7 ст. ў складзе Арабскага халіфата. З 1551 — вілает (правінцыя) Асманскай імперыі (у 1711—1835 Т. кіравала фактычна незалежная дынастыя Караманлі). У час італа-турэцкай вайны 1911—12 захоплена Італіяй. У 1939 у выніку аб’яднання Т., Кірэнаікі і Фецана створана адзіная італьян. калонія Лівія. У 2-ю сусв. вайну Т. акупіравана брыт. войскамі (1943). У 1951—63 адна з 3 правінцый незалежнай Лівіі. У 1963 падзелена на некалькі дробных адм. адзінак.

т. 16, с. 5

ТРЫПАЛІТА́НСКАЯ ВАЙНА́ 1911—12 (Лівійская вайна),

вайна Італіі супраць Асманскай імперыі за Трыпалітанію і Кірэнаіку. Гл. Італа-турэцкая вайна 1911—12.

т. 16, с. 5

ТРЫПАНАСАМО́ЗЫ,

інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюць трыпанасомы. Адрозніваюць амер. і афр. (гл. Сонная хвароба). Амер. Т. (хвароба Шагаса) перадаецца ад хворага чалавека (або жывёлы) пры ўкусах насякомых-крывасмокаў (напр., клапоў), таксама пры злучцы жывёл (гл. Злучная хвароба). У чалавека на месцы ўкусу ўтвараецца цёмна-чырв. ўшчыльненне з рэгіянарным лімфадэнітам, потым развіваецца генералізаваная інфекцыя з т-рай, дробнаплямістай высыпкай, павелічэннем печані, селязёнкі, пашкоджаннем сэрца, нерв. сістэмы і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 16, с. 5

ТРЫПАНАСО́МЫ (Trypanosoma),

род жгуціканосцаў атр. кінетапластыд. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў краінах з цёплым кліматам. Паразіты крыві, спіннамазгавой вадкасці і інш. тканак пазваночных. Узбуджальнікі цяжкіх захворванняў чалавека і свойскіх жывёл — трыпанасамозаў.

Цела верацёнападобнае (звычайна 1,4—2,4 × 15—40 мкм). Ядро адно. Ёсць жгуцік, які пачынаецца ў задняй трэці цела, уздоўж яго зрастаецца з пелікулай і ўтварае хвалепадобную перапонку. Размнажэнне бясполае (прадольнае падоўжнае* дзяленне). Кормяцца асматычна, некат. Т. выдзяляюць у кроў таксіны, якія разбураюць эрытрацыты. Пераносчыкі Т. — розныя крывасосныя насякомыя.

Трыпанасома гамбіенс.

т. 16, с. 5

ТРЫ́ПЛЕКС (ад лац. triplex трайны),

1) трохслойнае безасколачнае шкло. Складаецца з 2 пласцін (лістоў) арган. ці сілікатнага шкла і злучальнага (клеявога) слоя. Выкарыстоўваецца для шклення сродкаў транспарту, скафандраў і інш. 2) Сістэма з 3 артыл. гармат. Мела уніфікаваны лафет, а ствалы рознага калібру, напр., сав. Т. уключаў 152-мм пушку Бр-2, 203-мм гаўбіцу Б-4 і 280-мм марціру Бр-5.

т. 16, с. 6

ТРЫПЛЕ́Т,

элементарная адзінка генет. кода, тое, што кадон.

т. 16, с. 6

ТРЫ́ПЛІН (Tripplin) Тэадор (1813, г. Каліш, Польшча — 25.1.1881),

польскі пісьменнік, падарожнік, лекар; удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—40 вывучаў медыцыну ва універсітэтах у Кёнігсбергу і Манпелье. Д-р медыцыны (1840). Падарожнічаў па Еўропе і Паўн. Афрыцы. У 1849—56 жыў у Варшаве. Атрымаў вядомасць як аўтар аповесці «Пан Зыгмунт у Іспаніі» (т. 1—4, 1852) і «Успамінаў аб падарожжы ў Данію, Нарвегію, Англію, Партугалію і ў дзяржаву мараканскую» (1844) і інш. У 1856 наведаў Беларусь. Па дарозе з Беластока ў Вільню спыняўся ў Гродне; жыў у доме кн. Чацвяртынскага, наведваў прыватны музей у горадзе, у якім захоўваліся карціны, малюнкі, стараж. зброя. У 1858 у Вільні выйшаў яго дзённік падарожжа па Беларусі і Жамойці.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 16, с. 6

ТРЫПО́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура энеалітычных плямён, якія ў сярэдзіне 4—3-м тыс. да н.э. насялялі правабярэжжа Дняпра, бас. Паўд. Буга, Днястра і Прута. Назва ад паселішча каля с. Трыполле пад Кіевам. Вылучаюць этапы: ранні (сярэдзіна 4-га тыс. да н.э.), сярэдні (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.) і позні (3-е тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло на паселішчах у зямлянках, паўзямлянках і глінабітных наземных жытлах прадаўгаватай формы, падзеленых на некалькі асобных памяшканняў; ужывала крамянёвыя, каменныя, касцяныя і рагавыя прылады працы, а таксама медныя прылады працы і ўпрыгожанні (сякеры, шылы, кінжалы, бранзалеты, падвескі, пацеркі); вырабляла пласкадонны сталовы і кухонны посуд, упрыгожаны крывалінейным і спіральным арнаментам, які пакрываўся белай, чырвонай і чорнай фарбай. Сярод знаходак Т.к. гліняныя фігуркі жывёл і жаночыя статуэткі. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках, пазней трапляюцца курганы. Плямёны Т.к. займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, на раннім этапе вял. ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. На познім этапе Т.к. мела лакальныя варыянты, якія часам вылучаюцца ў асобныя культуры. На тэр. Беларусі рэшткі посуду Т.к. выяўлены на паселішчах Аравічы і Краснаселле (Хойніцкі р-н).

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 16, с. 6