ТРЫ́ПАЛІ (араб. Тарабулус-эль-Гарб),
горад, сталіца Лівіі. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Міжземнага м. 1822 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., гарбарная. Саматужныя промыслы (дываны, упрыгожанні і інш.). Рыбалоўства. Ун-т. Музеі: натуральнай гісторыі, археалагічны.
Засн. фінікійцамі ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. пад назвай Эа. У грэкаў Эа разам з калоніямі Сабрата і Лептыс-Магна наз. Трыпаліс (літаральна — тры гарады), назва Т. захавалася за Эа. У 105 да н.э. заваяваны рымлянамі. З 46 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Афрыка. У 5 ст. н.э. заваяваны вандаламі. у 6—7 ст. у складзе Візантыі, з 643 — у Араб. халіфаце. У 1510 захоплены Іспаніяй. У 1528 горад перайшоў пад уладу рыцарскага мальтыйскага ордэна. У 1551 падпарадкаваны туркамі-асманамі. У 1711—1835 рэзідэнцыя правячай у Лівіі дынастыі Караманлі, у 1835—1911 адм. цэнтр Асманскай імперыі. У 1911 заняты італьян. войскамі, адм. цэнтр уладанняў Італіі ў Паўн. Афрыцы. У 2-ю сусв. вайну ў 1943 заняты брыт. войскамі. Да абвяшчэння незалежнасці Лівіі (1951) Т. — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. У 1951—69 адна са сталіц (разам з Бенгазі) каралеўства Лівія, з 1969 сталіца Лівіі.
Стары горад — Медына (на ПдЗ; перабудаваны ў 2-й пал. 16 ст.) — размешчаны на скалістым мысе і абнесены з 2 бакоў сценамі На Пд і ПдУ — Новы горад з еўрап. кварталамі, грамадскімі і жылымі дамамі. Помнікі архітэктуры: трыумфальная арка Марка Аўрэлія (163—164); палац «Кастэла» («Чырвоны палац»; 1 ст. н.э., перабудаваны ў 14, 16 і 20 ст.), у ім размяшчаецца археал. музей; мячэці — Нага (верагодна, 10 ст., перабудавана ў 17 ст.), Караманлі (1736), Гурджы (1833).
т. 16, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)