ПЛАНКТО́Н (ад грэч. planktos блукаючы),
сукупнасць дробных і мікраскапічных арганізмаў, якія насяляюць тоўшчу вады і пасіўна пераносяцца цячэннем. Выдзяляюць зоапланктон (жывёльныя арганізмы), фітапланктон (водарасці) і бактэрыяпланктон, або сапрапланктон (бактэрыі, водныя грыбы, дрожджы). Прэснаводны П. (да глыб. 70 м) складаецца з зялёных, сіне-зялёных і дыятомавых водарасцей, сапрафітных бактэрый, ніжэйшых грыбоў, інфузорый, калаўротак, ніжэйшых ракападобных. Марскі П. (пераважна да глыб. 700 м) — аднаклетачныя водарасці, бактэрыі, прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, малюскі. ракападобныя, абалоннікі, лічынкі донных беспазваночных, ікра і маляўкі рыб. П. — асн. прадуцэнт арган. рэчыва ў вадаёмах (фітапланктон), мінералізуе адмерлыя рэшткі (сапрапланктон), ажыццяўляе біял. самаачышчэнне забруджаных вод, з’яўляецца кормам для беспазваночных, рыб, бяззубых кітоў і інш. Ракападобных марскога П. перапрацоўваюць у харч. і кармавыя прадукты, некат. віды П. культывуюць на корм рыбам і свойскай жывёле. Празмернае развіццё П. — т.зв. «цвіценне вады». Вывучае П. гідрабіялогія.
т. 12, с. 408
ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),
Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).
т. 12, с. 408
ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),
глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.
Л.В.Круглоў.
т. 12, с. 408
ПЛАНТА́ЦЫЯ (ад лац. plantatio пасадка раслін),
1) вялікі ўчастак зямлі, заняты пад с.-г. культуру, якая мае прамысл. ці гандл. значэнне, напр., чайная П.
2) Буйная земляробчая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні якой-н. культуры.
т. 12, с. 408
ПЛАНТЭ́Н (Plantin, Plantijn) Крыстаф (каля 1514, Сент-Авертэн, каля г. Тур, Францыя — 1.7.1589), нідэрландскі выдавец-друкар. Вывучаў пераплётную і друкарскую справу ў Францыі. У 1549 у Антверпене (Бельгія) адкрыў пераплётную майстэрню, у 1555 — друкарню (існавала да 1865, з 1877 музей) і філіялы друкарні ў Парыжы і Лейдэне. За 34 гады выдавецкай дзейнасці фірма Плантэнаў «Афіцына Плантыніяна» выдала на высокім паліграф. і маст. узроўні больш за 1600 назваў кніг на розных мовах з гравюрамі на медзі — навук. працы па анатоміі, батаніцы, геаграфіі і гісторыі, творы ант. аўтараў з каментарыямі вучоных, літургічную і тэалагічную л-ру, у т. л. «Каралеўскую Біблію — Біблію паліглота» (т. 1—8, 1569—73) на 4 мовах, кішэнныя выданні, каталогі сваіх кніг.
т. 12, с. 408
ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),
адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.
Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.
т. 12, с. 408
ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац. нар. т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
т. 12, с. 408
ПЛАНШЭ́Т (франц. planchette літар. дошчачка),
1) плоская драўляная дошка квадратнай формы з прыстасаваннем для замацавання яе на трынозе. Уваходзіць у камплект інструментаў для палявых тапагр. здымкаў.
2) Спец. ўстройства на камандных пунктах ППА, ВПС, ВМФ і інш., для адлюстравання паветр. (марскога) становішча; можа быць механізаваны або аўтаматызаваны.
3) Дошка (драўляная або метал.), на якой замацавана геагр. карта (ліст паперы для чарчэння) з сеткай ізаліній (сеткай каардынат Гаўса) для графічных пабудоў і вылічэнняў.
т. 12, с. 409
ПЛАСКАГО́Р’Е,
вялікі ўчастак горнага рэльефу выш. да 1000 м і больш з плоскімі або хвалістымі водападзельнымі паверхнямі. У межах П. трапляюцца значныя ўпадзіны і ўзвышшы. Ускраінныя і прыдалінныя іх участкі часта глыбока парэзаны цяснінамі і ярамі і маюць выгляд моцна эрадзіраваных гор. П. могуць фарміравацца ў выніку найноўшых тэктанічных рухаў паверхняў, якія былі выраўнаваны папярэдняй дэнудацыяй і залягалі на дыслацыраваных горных пародах рознага складу і ўзросту. У шэрагу выпадкаў П. ўтвараюцца на гарызантальна залягаючых пародах аднаго тыпу і ўзросту, стойкіх да размыву. Могуць фарміравацца і пры магутных вывяржэннях лавы, якая перакрывае няроўнасці стараж. рэльефу. Некаторыя П. ўтвараюць ўнутр. часткі нагор’яў. У склад П. часта ўключаюць высока размешчаныя плато.
т. 12, с. 409