ПЛАНТЭ́Н (Plantin, Plantijn) Крыстаф (каля 1514, Сент-Авертэн, каля г. Тур, Францыя — 1.7.1589), нідэрландскі выдавец-друкар. Вывучаў пераплётную і друкарскую справу ў Францыі. У 1549 у Антверпене (Бельгія) адкрыў пераплётную майстэрню, у 1555 — друкарню (існавала да 1865, з 1877 музей) і філіялы друкарні ў Парыжы і Лейдэне. За 34 гады выдавецкай дзейнасці фірма Плантэнаў «Афіцына Плантыніяна» выдала на высокім паліграф. і маст. узроўні больш за 1600 назваў кніг на розных мовах з гравюрамі на медзі — навук. працы па анатоміі, батаніцы, геаграфіі і гісторыі, творы ант. аўтараў з каментарыямі вучоных, літургічную і тэалагічную л-ру, у т. л. «Каралеўскую Біблію — Біблію паліглота» (т. 1—8, 1569—73) на 4 мовах, кішэнныя выданні, каталогі сваіх кніг.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)