ПЛАНКТО́Н (ад грэч. planktos блукаючы),

сукупнасць дробных і мікраскапічных арганізмаў, якія насяляюць тоўшчу вады і пасіўна пераносяцца цячэннем. Выдзяляюць зоапланктон (жывёльныя арганізмы), фітапланктон (водарасці) і бактэрыяпланктон, або сапрапланктон (бактэрыі, водныя грыбы, дрожджы). Прэснаводны П. (да глыб. 70 м) складаецца з зялёных, сіне-зялёных і дыятомавых водарасцей, сапрафітных бактэрый, ніжэйшых грыбоў, інфузорый, калаўротак, ніжэйшых ракападобных. Марскі П. (пераважна да глыб. 700 м) — аднаклетачныя водарасці, бактэрыі, прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, малюскі. ракападобныя, абалоннікі, лічынкі донных беспазваночных, ікра і маляўкі рыб. П. — асн. прадуцэнт арган. рэчыва ў вадаёмах (фітапланктон), мінералізуе адмерлыя рэшткі (сапрапланктон), ажыццяўляе біял. самаачышчэнне забруджаных вод, з’яўляецца кормам для беспазваночных, рыб, бяззубых кітоў і інш. Ракападобных марскога П. перапрацоўваюць у харч. і кармавыя прадукты, некат. віды П. культывуюць на корм рыбам і свойскай жывёле. Празмернае развіццё П. — т.зв. «цвіценне вады». Вывучае П. гідрабіялогія.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)