ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),

французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац. нар. т-р). Зазнаў уплыў Б.​Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.​Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.​Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.​Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.​Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.​Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)