ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар. паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Т.П.Бандарэнка.
т. 12, с. 420
ПЛЕАХРАІ́ЗМ (ад грэч. pleōn больш шматлікі + chrōma колер),
уласцівасць аптычна анізатропных цел (напр., крышталёў) мець розную афарбоўку ў белым палярызаваным святле ў розных напрамках. Звязаны з паглынаннем (абсорбцыяй) прамянёў спектра рознай даўжыні хвалі. Аптычна аднавосевыя крышталі характарызуюцца 2 колерамі (дыхраізм), двухвосевыя — 3 колерамі (трыхраізм). Моцны П. мае аднавосевы крышталь турмаліну. Анізатрапіяй паглынання валодаюць і асобныя малекулы; іх пераважная арыентацыя выклікае П. рэчыва, якое змяшчае іх (напр., фарбавальнікі). З’ява П. выкарыстоўваецца ў паляроідах. У мінералогіі ідэнтыфікуюць мінералы па колерных табліцах за кошт асаблівасцей крышталёў плеахраіраваць у палярызаваным святле. Гл. таксама Анізатрапія, Крышталяоптыка, Палярызацыя святла.
т. 12, с. 420
ПЛЕБЕ́І (лац. plebejus ад plebs просты народ),
адно з саслоўяў свабоднага насельніцтва Стараж. Рыма. Да 3 ст. да н.э., як прышлае і падпарадкаванае насельніцтва, стаялі па-за абшчынай, не маглі карыстацца абшчыннай зямлёй (ager publicus), а валодалі ёю на правах прыватнай уласнасці. Беззямельныя П. займаліся рамесніцтвам і гандлем. У выніку працяглай барацьбы з патрыцыямі дамагліся некат. правоў: запісаны Законы 12 табліц (451—449 да н.э.), якія абаранялі П. ад беззаконня патрыцыяў; уведзены пасады нар. трыбунаў (449 да н.э.), прыняты закон пра дазвол шлюбаў паміж патрыцыямі і П. (445 да н.э.), аднаго консула ўводзілі з П. (367 да н.э.), рашэнні П. па трыбах атрымлівалі сілу закона і П. ўключаліся ў склад рым. народа (287 да н.э.). Тэрмін «П.» з 3—2 ст. да н.э. стаў азначаць паўнапраўных грамадзян нязнатнага паходжання.
Літ.:
Нечай Ф.М. Образование Римского государства. Мн., 1972.
т. 12, с. 420
ПЛЕБЕ́ЙСТВА,
прынятая ў гістарычнай л-ры назва бяднейшай ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы. У П. ўваходзілі збяднелыя цэхавыя рамеснікі, чорнарабочыя і падзёншчыкі, якія не ўваходзілі ў цэхавую арг-цыю, часткова чаляднікі, бадзягі, жабракі. З-за неаднароднасці сац. складу паліт. лінія П. была няўстойлівай. Найчасцей далучалася да сял. выступленняў (напр., сялянска-плебейскі кірунак Рэфармацыі ў Германіі і інш.). Актыўна ўдзельнічала ў ранніх бурж. рэвалюцыях.
т. 12, с. 420
ПЛЕБІСЦЫ́Т (ад лац. plebiscitum рашэнне народа),
апытанне народа, звычайна з мэтай вызначэння лёсу адпаведнай тэрыторыі. У некаторых краінах (напр., у Францыі) лічыцца сінонімам рэферэндуму. З фармальна-юрыд. пункту гледжання працэдура правядзення П. нічым не адрозніваецца ад працэдуры рэферэндуму.
т. 12, с. 420
ПЛЕ́ВЕ (Вячаслаў Канстанцінавіч) (1846—28.7.1904),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.С.Сазонавым.
Літ.:
Памяти В.К.Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;
Михайловский Н.К. Воспоминания В.К.Плеве. Берлин, 1906;
Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.
т. 12, с. 420
ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,
горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.
На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст. н.э. рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст. балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас. войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг. нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.
т. 12, с. 420
ПЛЕВЕ́Н ((Pleven) Рэнэ Жан) (15.4.1901, г. Рэн, Францыя — 13.1.1993),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 2-ю сусв. вайну з 1940 чл. руху «Свабодная Францыя». У 1941—44 камісар фінансаў, калоній, замежных спраў Франц. нац. к-та і Франц. к-та нац. вызвалення. У 1944—46 міністр калоній, фінансаў, нац. эканомікі Часовага ўрада. У 1946—69 дэп. Нац. сходу. У 1946—53 старшыня партыі Дэмакр. і сацыяліст. саюза Супраціўлення. Міністр нац. абароны (1949—50, 1952—54), прэм’ер-міністр (ліп. 1950 — лют. 1951 і жн. 1951 — студз. 1952) Францыі. Выступаў за стварэнне і ўмацаванне зах. саюза і НАТО. У 1950 прапанаваў праект стварэння ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў (Плевена план). Садзейнічаў уцягванню Францыі ў калан. вайну ў Індакітаі. Міністр замежных спраў (1958), юстыцыі (1969—73). У 1974—76 старшыня Брэтонскага рэгіянальнага савета.
т. 12, с. 421
ПЛЕВЕ́НА ПЛАН,
праект арганізацыі ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў, пакладзены ў аснову Парыжскага дагавора 1952, які прадугледжваў стварэнне «Еўрапейскага абарончага таварыства». Прапанаваны ў кастр. 1950 прэм’ер-міністрам Францыі Р.Плевенам (адсюль назва).
т. 12, с. 421
ПЛЕД (ад англ. plaid),
1) клятчастая тоўстая шарсцяная шаль з махрамі — прыналежнасць шатландскага нац. касцюма.
2) Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая выкарыстоўваецца ў якасці пакрывала.
т. 12, с. 421