ПЛЕАХРАІ́ЗМ (ад грэч. pleōn больш шматлікі + chrōma колер),

уласцівасць аптычна анізатропных цел (напр., крышталёў) мець розную афарбоўку ў белым палярызаваным святле ў розных напрамках. Звязаны з паглынаннем (абсорбцыяй) прамянёў спектра рознай даўжыні хвалі. Аптычна аднавосевыя крышталі характарызуюцца 2 колерамі (дыхраізм), двухвосевыя — 3 колерамі (трыхраізм). Моцны П. мае аднавосевы крышталь турмаліну. Анізатрапіяй паглынання валодаюць і асобныя малекулы; іх пераважная арыентацыя выклікае П. рэчыва, якое змяшчае іх (напр., фарбавальнікі). З’ява П. выкарыстоўваецца ў паляроідах. У мінералогіі ідэнтыфікуюць мінералы па колерных табліцах за кошт асаблівасцей крышталёў плеахраіраваць у палярызаваным святле. Гл. таксама Анізатрапія, Крышталяоптыка, Палярызацыя святла.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)