ПЛАСКАГО́Р’Е,
вялікі ўчастак горнага рэльефу выш. да 1000 м і больш з плоскімі або хвалістымі водападзельнымі паверхнямі. У межах П. трапляюцца значныя ўпадзіны і ўзвышшы. Ускраінныя і прыдалінныя іх участкі часта глыбока парэзаны цяснінамі і ярамі і маюць выгляд моцна эрадзіраваных гор. П. могуць фарміравацца ў выніку найноўшых тэктанічных рухаў паверхняў, якія былі выраўнаваны папярэдняй дэнудацыяй і залягалі на дыслацыраваных горных пародах рознага складу і ўзросту. У шэрагу выпадкаў П. ўтвараюцца на гарызантальна залягаючых пародах аднаго тыпу і ўзросту, стойкіх да размыву. Могуць фарміравацца і пры магутных вывяржэннях лавы, якая перакрывае няроўнасці стараж. рэльефу. Некаторыя П. ўтвараюць ўнутр. часткі нагор’яў. У склад П. часта ўключаюць высока размешчаныя плато.
т. 12, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)