Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІНКРУ́СТ (ад лац. linum лён, палатно + crusta кара, абліцоўка),

рулонны аддзелачны матэрыял з гладкай або ўзорыстай рэльефнай паверхняй. Гэта папера або тканіна, пакрытая тонкім (0,5—1 мм) слоем пластмасы, атрыманай на аснове алкідных смол. Выкарыстоўваецца для ўнутр. аддзелкі грамадскіх будынкаў і трансп. сродкаў.

т. 9, с. 270

ЛІ́ННІК (Уладзімір Паўлавіч) (6.7.1889, г. Харкаў, Украіна — 9.7.1984),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1939). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскі ун-т (1914). З 1926 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград), адначасова ў 1933—41 праф. Ленінградскага ун-та. Навук. працы па дастасавальнай оптыцы. Распрацаваў метады даследавання якасці відарысаў у аптычных сістэмах, інтэрферэнцыйныя і інш. аптычныя метады кантролю якасці мех. апрацоўкі паверхняў. Стварыў шэраг оптыка-мех. прылад, якія выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, астраноміі і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950. Залаты медаль імя С.​І.​Вавілава.

Літ.:

В.​П.​Линник. М., 1963.

У.П.Ліннік.

т. 9, с. 270

ЛІ́ННІК (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 1.2. 1928, в. Ёдчыцы Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне іхтыяпаталогіі. Д-р вет. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1961 у НДІ эксперым. ветэрынарыі (у 1986—94 заг. аддзела). Навук. працы па інфекцыйных і паразітарных хваробах рыб, распрацоўцы мер барацьбы і прафілактыкі, пошуку біялагічна бяспечных прэпаратаў для лячэння рыб.

Тв.:

Паразиты рыб, опасные для человека и животных. Мн., 1977;

Паразиты рыб. Мн., 1988.

т. 9, с. 270

ЛІ́ННІК (Юрый Уладзіміравіч) (21.1. 1915, г. Белая Царква, Украіна — 30.6. 1972),

расійскі матэматык. Акад. АН СССР (1964), замежны чл. Шведскай каралеўскай АН (1971). Герой Сац. Працы (1969). Сын У.П.Лінніка. Скончыў Ленінградскі ун-т (1938), у якім і працаваў (з 1944 праф.). З 1942 у Ленінградскім аддз. Матэм. ін-та АН СССР. Навук. працы па тэорыі лікаў, тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыцы. Сфармуляваў лімітныя тэарэмы для незалежных выпадковых велічынь і неаднародных ланцугоў Маркава, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў (рашэнне праблемы Варынга, дысперсійны метад у адытыўнай тэорыі лікаў, тэорыя ацэньвання і інш.). Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Избр. труды. [Т. 1—2]. Л., 1979—81.

Літ.:

Академик Ю.В. Линник: Биобиблиогр. указ. Л., 1975.

Ю.У.Ліннік.

т. 9, с. 270

ЛІНО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́,

9,12-октадэкадыенавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та з дзвюма ізаляванымі падвойнымі сувязямі, C17H31COOH; адносіцца да незаменных тлустых кіслот. Бясколерная алеепадобная вадкасць, шчыльн. 903 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле, эфіры. Гліцырыды Л.к. ёсць ва ўсіх алеях, жывёльных тлушчах.

т. 9, с. 270

ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),

палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.

Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл. вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.

т. 9, с. 270

ЛІНХАВО́ІН (Лхасаран Ладонавіч) (1.1. 1924, с. Ага-Хангіл, Бурація — 10.7. 1980),

бурацкі спявак (бас). Нар. арг. СССР (1959). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). З 1954 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета (Улан-Удэ; у 1962—66 маст. кіраўнік). Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вылучалася драматызмам, вострай характарнасцю. Сярод партый: Бумал-хан («Энхе—Булат-батар» М.​Фралова), Васіль, Шона («Цырэмпіл Ранжураў», «Грозныя гады» Б.​Ямпілава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі).

т. 9, с. 270

ЛІНЦ (Linz),

горад на Пн Аўстрыі, на р. Дунай. Адм. ц. зямлі Верхняя Аўстрыя. 203 тыс. ж. (1991). Буйнейшы ў краіне рачны порт, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: металургічная (камбінат ФЁСТ), суднабуд., эл.-тэхн., хім. (вытв-сць азотных угнаенняў), нафтахім., тэкст., харчасмакавая. Музеі: Верхняй Аўстрыі, Гарадскі, Новая галерэя, Епархіяльны. Арх. помнікі: ландхаўз (16 ст.), палацы і цэрквы (17—18 ст.).

т. 9, с. 271

«ЛІ́НЧА СУД»,

у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.​Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.​Бэрча і да т.п.

т. 9, с. 271

ЛІ́НЧЭПІНГ (Linköping),

горад на Пд Швецыі, на Гёта-канале, які злучае праз азёры Венерн і Ветэрн зах. і ўсх. ўзбярэжжы краіны. Адм. ц. лена Эстэргётланд. Засн. ў 1120. 122 тыс. ж. (1991). Старадаўні прамысл., гандл. і культ. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (аўта- і самалётабудаванне, ваеннае, вытв-сць шарыкападшыпнікаў), тэкст., швейная, хім., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей. Арх. помнікі: сярэдневяковы сабор (13—14 ст.), замак (15—16 ст.).

т. 9, с. 271