Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),

Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музей выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.

Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс. франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.

Да арт. Кортрэйк. Плошча ў цэнтры горада.

т. 8, с. 423

КО́РТЫЕЎ О́РГАН,

перыферыйны рэцэптар слыхавога аналізатара млекакормячых і чалавека. Апісаны італьян. гістолагам А.Корты (1851). Знаходзіцца на асн. перапонцы ўнутр. вуха і складаецца з унутр. і вонкавых валасковых і апорных клетак. Да валасковых клетак падыходзяць нерв. канцы слыхавога нерва. Розныя па вышыні гукавыя ваганні ўспрымаюцца рознымі аддзеламі К.о.: высокія частоты — у ніжніх аддзелах уліткі, нізкія — у верхніх. Пераўтварае гукавыя хвалі ў біяэлектрычныя (нервовыя) імпульсы, якія па слыхавым нерве перадаюцца ў ц. н. с. Гл. таксама Вуха.

т. 8, с. 423

КОРТЫКАСТЭРО́ІДЫ,

гармоны пазваночных, якія выпрацоўваюцца карой наднырачнікаў. Уплываюць на водна-салявы (мінералакартыкоіды), вугляводны і бялковы (глюкакартыкоіды) абмен рэчываў. Па будове стэроіды — вытворныя тэтрацыклічнага вуглевадароду прагнану. Асн. К.: глюкакартыкоіды — гідракартызон (картызол), кортыкастэрон, картызон і мінералакартыкоід — альдастэрон. У крыві К. звязаны з бялкамі плазмы (альбумін і транскарцін). Метабалізуюцца пераважна ў печані, прадукты абмену выводзяцца праз ныркі. Біясінтэз і сакрэцыя К. рэгулююцца адрэнакартыкатропным гармонам (АКТГ). Сакрэцыя АКТГ і К. знаходзіцца пад уплывам навакольнага асяроддзя (напр., стрэс); т.ч. забяспечваецца адаптацыя арганізма да ўмоў існавання. Парушэнні абмену К. прыводзяць да хвароб (напр., Адысонава хвароба, Іцэнка-Кушынга хвароба). Прэпараты К. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 8, с. 423

КОРТЫКАТРАПІ́Н,

тое, што адрэнакартыкатропны гармон.

т. 8, с. 423

КО́РУШКА еўрапейская

(Osmerus eperlanus),

касцістая рыба, тыповы прадстаўнік сямейства корушкавых, атр. ласосепадобных. У сям. 6 родаў, 10 відаў. Пашыраны ў водах Паўн. паўшар’я. Марскія, прахадныя і прэснаводныя чародныя рыбы. На Беларусі ў азёрах бас. Зах. Дзвіны трапляецца карлікавая форма К. еўрапейскай — К. азёрная (О.е. morpha spirinchus), або сняток, нар. назвы — стынка, устынка.

Даўж. да 35 см, маса да 350 г (у К. азёрнай даўж. 6—10, зрэдку да 15 см). Плаўнікі бясколерныя, спінны — кароткі, размешчаны над брушнымі плаўнікамі. Кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.

Корушка еўрапейская.

т. 8, с. 423

КО́РФСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1917.

Падпісана на в-ве Корфу (цяпер Керкіра, Грэцыя) 20 ліп. прэм’ер-міністрам Сербіі Н.Пашычам і старшынёй Паўднёваславянскага камітэта А.Трумбічам. Прадугледжвала аб’яднанне пасля 1-й сусв. вайны Сербіі і паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі ў адзіную незалежную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (гл. ў арт. Югаславія) на чале з сербскай дынастыяй Карагеоргіевічаў. 11.8.1917 да К.д. далучыўся Чарнагорскі к-т нац. аб’яднання (утвораны ў сак. 1917 у Парыжы).

т. 8, с. 423

КО́РФУ,

італьянская назва грэч. в-ва Керкіра.

т. 8, с. 423

КО́РЦІК,

колючая халодная зброя з прамым тонкім двухбакова-вострым клінком і з ручкай, што мае крыжавіну і галоўку. З’явіўся ў канцы 16 ст. як абардажная зброя. Цяпер прадмет форменнага адзення ў ВМФ многіх дзяржаў (параднай формы адміралаў, генералаў, афіцэраў, мічманаў і прапаршчыкаў).

т. 8, с. 424

«КО́РЧАК»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 270 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Баратынскія, Браніцкія, Есьманты, Заранкі, Іллінічы, Катовічы, Мялешкі, Млечкі. Мае ў чырв. полі тры папярочныя сярэбраныя бэлькі, якія звужаюцца да нізу. Клейнод — над прылбіцай з каронай у залатой чары палова сярэбранага сабакі. У Польшчы вядомы з канца 14 ст. Паводле Я.Длугаша, герб утвораны каралём Людвікам I; ён дадаў тры бэлькі, якія выцеснілі сабаку з тарчы ў клейнод. У ВКЛ пашырыўся пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413.

Герб «Корчак».

т. 8, с. 424

КО́РЧАК (Korczak) Януш [сапр. Гольдшміт Генрых; 22.7.1878

(1879?),

Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед. ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Бяганская, У.Васілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;

Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;

Педагогическое наследие. М., 1990.

Літ.:

Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.

Я.Корчак.

т. 8, с. 424