КО́РЧАК (Korczak) Януш [сапр. Гольдшміт Генрых; 22.7.1878

(1879?),

Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед. ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Бяганская, У.Васілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;

Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;

Педагогическое наследие. М., 1990.

Літ.:

Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.

Я.Корчак.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)