КОРТЫКАСТЭРО́ІДЫ,
гармоны пазваночных, якія выпрацоўваюцца карой наднырачнікаў. Уплываюць на водна-салявы (мінералакартыкоіды), вугляводны і бялковы (глюкакартыкоіды) абмен рэчываў. Па будове стэроіды — вытворныя тэтрацыклічнага вуглевадароду прагнану. Асн. К.: глюкакартыкоіды — гідракартызон (картызол), кортыкастэрон, картызон і мінералакартыкоід — альдастэрон. У крыві К. звязаны з бялкамі плазмы (альбумін і транскарцін). Метабалізуюцца пераважна ў печані, прадукты абмену выводзяцца праз ныркі. Біясінтэз і сакрэцыя К. рэгулююцца адрэнакартыкатропным гармонам (АКТГ). Сакрэцыя АКТГ і К. знаходзіцца пад уплывам навакольнага асяроддзя (напр., стрэс); т.ч. забяспечваецца адаптацыя арганізма да ўмоў існавання. Парушэнні абмену К. прыводзяць да хвароб (напр., Адысонава хвароба, Іцэнка-Кушынга хвароба). Прэпараты К. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
т. 8, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)