Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗАХО́РНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца пры пастаянным аб’ёме сістэмы. З-за малой сціскальнасці многія ізатэрмічныя працэсы ў цвёрдых целах адначасова прыблізна ізахорныя.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізахорай і падпарадкоўваецца Шарля закону, які для рэальных газаў выконваецца набліжана з-за наяўнасці сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Мех. работа пры І.п. роўная нулю; змена ўнутр. энергіі цела адбываецца за кошт паглынання (ці выдзялення) цеплаты. Для ажыццяўлення І.п. ў газах і вадкасцях іх змяшчаюць у герметычную пасудзіну з пастаянным аб’ёмам.

т. 7, с. 178

ІЗАХРО́ННАСЦЬ ВАГА́ННЯЎ,

незалежнасць перыяду ўласных ваганняў якой-н. вагальнай сістэмы ад амплітуды гэтых ваганняў. Характэрна для лінейных сістэм (у нелінейных сістэмах, напр., у маятніка пазіраецца пры дастаткова малых амплітудах). На І.в. заснавана работа прылад вымярэння часу (гадзіннікаў, хранометраў і інш.).

т. 7, с. 178

ІЗАЦЫЯНА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць адну або некалькі ізацыянатных груп (-N=C=O), звязаных з арган. радыкалам. Бясколерныя вадкасці, некат. — цвёрдыя рэчывы з нізкімі т-рамі плаўлення. Высокатаксічныя, у большасці — лакрыматары. ГДК 0,05—1 мг/м³.

Найб. характэрны рэакцыі далучэння нуклеафільных рэагентаў з рухомым атамам вадароду (спірты, вада, аміны і інш.). Уступаюць у рэакцыі цыкладалучэння, ды- і трымерызацыі, полімерызацыі. Атрымліваюць фасгенаваннем амінаў і замешчаных карбамідаў або раскладаннем карбамідаў. Выкарыстоўваюць для атрымання поліурэтанаў, пестыцыдаў, для апрацоўкі тканін і скуры (для надання ім воданепрымальных уласцівасцей), як вулканізавальныя агенты гумавых сумесей, кампаненты поліурэтанавых лакаў.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 7, с. 178

ІЗАЦЫЯНІ́ДЫ, ізанітрылы, карбіламіны,

арганічныя вытворныя ізамернай формы сінільнай кіслаты. Агульная ф-ла RNC, дзе R — арган. радыкал. Структурныя ізамеры нітрылаў. Адкрыты ў 1866 А.В.Гофманам.

Вадкасці з непрыемным пахам, які адчуваецца пры мізэрнай канцэнтрацыі, таксічныя. Не раствараюцца ў вадзе, лёгка раствараюцца ў спірце, эфіры. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў. Разбаўленымі к-тамі гідралізуюцца з утварэннем першасных амінаў і мурашынай к-ты. Пры гідрыраванні атрымліваюць другасныя аміны, пры акісленні — ізацыянаты, пры тэрмічнай ізамерызацыі (200—250 °C) — нітрылы. Выкарыстоўваюць для атрымання розных злучэнняў, што маюць азот (напр., пептыды, гетэрацыклічныя злучэнні).

т. 7, с. 178

ІЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ, пункт нулявога зараду,

стан паверхні цела (ці часцінкі дысперснай фазы) у кантакце з растворам электраліту, які характарызуецца аднолькавай колькасцю станоўчых і адмоўных зарадаў у адсарбцыйным слоі. Адзін з асн. параметраў, што вызначае эл.-хім. ўласцівасці амфалітаў (напр., амінакіслот і бялкоў). Вызначэнне І.п. розных субстратаў арганізма праводзіцца з мэтай дыягностыкі.

т. 7, с. 178

ІЗАЭНЗІ́МЫ,

гл. ў арт. Ізаферменты.

т. 7, с. 178

І́ЗБІЦА,

1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.

2) Зрубная апора мастоў.

3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.

С.А.Сергачоў.

Ізбіца.

т. 7, с. 178

ІЗБІ́ШЧА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Княгінін. 459 ж., 165 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, вет. аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Ізбішча.

т. 7, с. 179

І́ЗБІШЧА,

археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в. Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.

В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.

Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.

т. 7, с. 179

ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.

Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.

Публ.: Изборник Святослава 1073 г. М., 1983; Изборник 1076 г. М., 1965.

Літ.:

Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст. М., 1977;

Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.

т. 7, с. 179