Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЗЯСЛА́ВІЧЫ,

1) княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Полацкай зямлёй, адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад Ізяслава Уладзіміравіча, старэйшага сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле родавых звычаяў Ізяслаў лічыўся спадкаемцам свайго дзеда па маці Рагвалода, які загінуў разам з сынамі пры заваяванні Полацка Уладзімірам Святаславічам. У сувязі з гэтым нашчадкі Ізяслава ў летапісах наз. «Рагваложымі ўнукамі», у гіст. л-ры часам Рагвалодавічамі. Уладзімір перадаў ва ўдзел Ізяславу Полацкае княства. Паколькі Ізяслаў памёр раней за бацьку, яго нашчадкі страцілі права на велікакняжацкі пасад у Кіеве. У 1129 за непаслушэнства кіеўскаму князю большасць І. была выслана ў Візантыю, але многія з іх да сярэдзіны 12 ст. вярнуліся і аднавілі свае ўладанні ў Полацкай зямлі. З гэтага часу род падзяліўся на некалькі галін, якія паходзяць ад сыноў Усяслава Брачыславіча (унука Ізяслава). На падставе гэтага іх называюць таксама Усяславічамі. Не выключана, што нашчадкамі І. былі некаторыя правасл. княжацкія роды, вядомыя на Беларусі ў часы ВКЛ: Адзінцэвічы, Друцкія, Лукомскія, Палубінскія, Талочкі.

Княжацкі род, прадстаўнікі якога ў 11—13 ст. валодалі Тураўскай зямлёй; адгалінаванне роду Рурыкавічаў. Паходзяць ад кн. Ізяслава Яраславіча, які ў сярэдзіне 11 ст. атрымаў Тураў ад свайго бацькі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага. Пасля смерці Ізяслава Туравам валодалі яго сыны — Яраполк, потым Святаполк. Права апошняга на Тураўскую зямлю пацверджана Любецкім з’ездам 1097. Сыны і ўнукі Ізяслава стараліся замацавацца і ў інш. рэгіёнах Русі. У 1113 вял. кіеўскі кн. Уладзімір Манамах пазбавіў І. Тураўскага княства, пакінуўшы за сынам Святаполка Яраславам толькі Уладзімір-Валынскі. Аднавіць свае ўладанні (акрамя Брэстчыны) І. удалося толькі ў 1158, калі ў Тураве, відаць, па запрашэнні гараджан, з’явіўся кн. Юрый Яраславіч. Сыны Юрыя падзялілі тураўскія землі на ўдзелы. Звесткі пра І. у летапісах знікаюць у канцы 13 ст. Іх нашчадкамі лічаць шматлікія княжацкія роды, вядомыя ў Беларусі і Украіне ў часы ВКЛ: Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Нясвіцкіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Чацвярцінскіх.

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977;

Насевіч В.Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12—18 стст. Мн., 1993;

Загорульский Э.М. Генеалогия полоцких киязей Изяславичей. Мн., 1994.

В.Л.Насевіч, А.В.Іоў.

т. 7, с. 188

ІЗЯСЛА́Ў,

князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180 як пляменнік кн. Андрэя Валодшыча. Магчыма, сын кн. Мікулы Валодшыча. Быў адным з саюзнікаў кіеўскага кн. Святаслава Усеваладавіча ў міжусобіцы з уладзімірскім кн. Усеваладам Вялікае Гняздо і Расціславічамі. Верагодна, валодаў удзелам у Полацкай зямлі.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў [свецкае імя Бруцкі Іван (Ян); н. 22.1.1926, в. Белавуша Столінскага р-на Брэсцкай вобл.],

бел. эмігранцкі рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Манітобскі ун-т (1954) у г. Вініпег (Канада), Укр. правасл. семінарыю ў г. Баўнд Брук (ЗША). У 1943 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З 1947 у Канадзе. З 1957 старшыня Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 у ЗША, старшыня аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Дэтройце, член рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. У 1979 прыняў сан свяшчэнніка, з 1981 епіскап, з 1984 мітрапаліт БАПЦ. Узначальвае кансісторыю БАПЦ, прымае ўдзел у выданні час. «Царкоўны пасланец».

Л.У.Языковіч.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г. Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн. Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.

Літ.:

Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.

Ю.А.Заяц.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн. Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.

М.І.Ермаловіч.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў ГЛЕ́БАВІЧ (? — 14 5.1134),

князь полацкага роду Ізяславічаў, сын мінскага кн. Глеба Усяславіча. Упамінаецца ў гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава як полацкі князь. Верагодна, валодаў адным з удзелаў у Полацкай зямлі.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Панцеляймон; ?—18.11.1154),

старажытнарускі князь, сын наўгародскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127, калі княжыў у Курску, прыняў удзел у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю. Дасягнуўшы Лагожска (Лагойска), пайшоў на Ізяслаўль (Заслаўе), паланіў кн. Брачыслава. Пасля высылкі ў 1129 полацкіх князёў у Візантыю атрымаў ад вял. князя кіеўскага княжанне ў Полацку. У 1132 пераведзены ў Пераяслаўль, потым у Менск (Мінск), атрымаўшы ў дадатак Тураў і Пінск. У 1135, пасля вызвалення Полацка ад уплыву Кіева, пераехаў у Ноўгарад, затым ва Уладзімір-Валынскі. У 1146, калі стаў вял. кіеўскім князем, выгнаў з Турава свайго дзядзьку Вячаслава Уладзіміравіча, які захапіў у яго шэраг гарадоў.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (? — 13.12.1127),

князь тураўскага роду Ізяславічаў, сын Святаполка Ізяславіча. Магчыма, валодаў удзелам у межах Тураўскага або Уладзіміра- Валынскага княства.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 189

ІЗЯСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (?—1001),

полацкі князь з 988, сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёй адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе пад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (гл. Ізяславічы). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археал. раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку І.У. як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеслав. князёў ахарактарызаваў як кніжніка: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священническии чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў не больш як 25—26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава Ізяславіча і Брачыслава Ізяславіча.

Г.М.Семянчук.

т. 7, с. 189