ІЗАЦЫЯНА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць адну або некалькі ізацыянатных груп (-N=C=O), звязаных з арган. радыкалам. Бясколерныя вадкасці, некат. — цвёрдыя рэчывы з нізкімі т-рамі плаўлення. Высокатаксічныя, у большасці — лакрыматары. ГДК 0,05—1 мг/м³.

Найб. характэрны рэакцыі далучэння нуклеафільных рэагентаў з рухомым атамам вадароду (спірты, вада, аміны і інш.). Уступаюць у рэакцыі цыкладалучэння, ды- і трымерызацыі, полімерызацыі. Атрымліваюць фасгенаваннем амінаў і замешчаных карбамідаў або раскладаннем карбамідаў. Выкарыстоўваюць для атрымання поліурэтанаў, пестыцыдаў, для апрацоўкі тканін і скуры (для надання ім воданепрымальных уласцівасцей), як вулканізавальныя агенты гумавых сумесей, кампаненты поліурэтанавых лакаў.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)