ІЗАЦЫЯНІ́ДЫ, ізанітрылы, карбіламіны,

арганічныя вытворныя ізамернай формы сінільнай кіслаты. Агульная ф-ла RNC, дзе R — арган. радыкал. Структурныя ізамеры нітрылаў. Адкрыты ў 1866 А.В.Гофманам.

Вадкасці з непрыемным пахам, які адчуваецца пры мізэрнай канцэнтрацыі, таксічныя. Не раствараюцца ў вадзе, лёгка раствараюцца ў спірце, эфіры. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў. Разбаўленымі к-тамі гідралізуюцца з утварэннем першасных амінаў і мурашынай к-ты. Пры гідрыраванні атрымліваюць другасныя аміны, пры акісленні — ізацыянаты, пры тэрмічнай ізамерызацыі (200—250 °C) — нітрылы. Выкарыстоўваюць для атрымання розных злучэнняў, што маюць азот (напр., пептыды, гетэрацыклічныя злучэнні).

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)