Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІТО́ЎСКА-ВІ́ЛЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

назва Віленскай губерні да 1840.

т. 9, с. 315

ЛІТО́ЎСКА-РУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

назва Вялікага княства Літоўскага ў рус. гістарыяграфіі 19 — пач. 20 ст.

т. 9, с. 315

ЛІТО́ЎСКІЯ ВО́ЙСКІ 1812,

узброеныя сілы, якія былі сфарміраваны Камісіяй Часовага ўрада ВКЛ на тэр. яго 4 дэпартаментаў у час вайны 1812 і прымалі ў ёй удзел на баку Францыі. 6 жн. ваенны к-т Часовага ўрада прыняў пастанову пра набор на 6-гадовую службу ў пяхоту 10 тыс. рэкрутаў з мужчын 17—34 гадоў, а 13 жн. — пастанову пра набор 4 тыс. чал. у кавалерыю. Былі створаны 4 уланскія палкі, арганізаваны 3-і гвардз. легкаконны полк і татарскі эскадрон, 3 егерскія батальёны з паляўнічых і палясоўшчыкаў, 24.10.1812 Камісія Часовага ўрада аб’явіла аб стварэнні нар. гвардыі (старо́жы) у дэпартаменцкіх цэнтрах і ў нас. пунктах, якія мелі магдэбургскае права. Асобныя прадстаўнікі шляхты (І.​Манюшка, Л.​Пац, Д.​Радзівіл, М.​Абрамовіч, Любаўскі, Р.​Тызенгаўз) арганізавалі палкі за свой кошт. У пач. кастр. Л.в. мелі каля 20 тыс. чал. Ген.-інспектарам арміі быў дывізіённы генерал кн. Р.​Гедройц, інспектарам пяхоты — брыгадны ген. Несялоўскі, інспектарам кавалерыі — Ю.​Ваўржэцкі. З Л.в. першым прыняў бой 3-і гвардз. легкаконны полк пад Слонімам (1.11.1812), дзе быў разбіты. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў Бярэзінскай аперацыі 1812. Пакінуўшы Вільню, яны адышлі да Варшавы і Кёнігсберга; далей адступалі разам з напалеонаўскай арміяй праз Польшчу і Германію да Францыі, страцілі забітымі і палоннымі пераважную большасць асабовага саставу. Пасля Парыжскага міру 1815 рэшткі Л.в. у складзе польскага корпуса былі ўключаны ў армію Царства Польскага (у Рас. імперыі). У 1818, калі скончыўся тэрмін службы, вайскоўцы Л.в. былі дэмабілізаваны.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 317

ЛІТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ СА ЗНА́КАМІ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997), на ўсх. ускраіне в. Літоўка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту дробназярністага з крышталямі біятыту і ксеналітаў цёмна-шэрага гнейсу. Захавалася ​1/3 валуна (даўж. 2,7 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,6 м, у абводзе 7,2 м, аб’ём 5,5 м³, маса каля 14,6 т). Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паверхні каменя ёсць паглыбленне (даўж. 29 см, шыр. 14 см, глыб. да 2 см), якое лічылі следам казачнай «істоты». Амаль на вяршыні знаходзіцца паўсферычная выемка (у папярочніку 4 см, глыб. 1,5 см) з прышліфаванымі сценкамі, якая высечана чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. Валун меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 316

ЛІТО́ЎСКІ КОНЬ,

парода коней, якая існавала на тэр. Беларусі (Гродзенская і Мінская губ.) са стараж. часоў па 18 ст. Паходзіла ад дзікага продка — ляснога тарпана. Паўплываў на вывядзенне пароды беларускага запражнога каня.

Выш. ў карку да 140 см, маса да 350 кг. Масць шэрая, мышастая, радзей буланая, гнядая, з цёмнай паласой уздоўж спіны. Галава вял., тулава каржакаватае, моцнае, ногі сухія. Пры бегу жвавы, нястомны, трывалы; жыццяздольны, неўспрымальны да хвароб, але без добрых цяглавых якасцей. Выкарыстоўваўся ў ваенных і бытавых мэтах.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 316

ЛІТО́ЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Засн. ў 1920 у г. Каўнас па ініцыятыве К.Пятраўскаса, Ю.Талат-Кялпшы і інш. З 1922 дзяржаўны, з 1944 Т-р оперы і балета Літ. ССР, у 1948 пераведзены ў Вільнюс, з 1954 акадэмічны, з 1990 наз. Літ. опера, з 1998 сучасная назва. Першы оперны спектакль — «Травіята» Дж.​Вердзі (1920). У 1933—40 пастаўлены нац. оперы «Гражына» і «Радвіла Пяркунас» Ю.​Карнавічуса, «Тры талісманы» А.​Рачунаса. Першы балетны спектакль — «Капелія» Л.​Дэліба (1925), у 1928 пастаўлены харэаграфічная карціна «Літоўская рапсодыя» на муз. Карпавічуса, першыя балеты літ. кампазітараў «Юратэ і Касціціс» Ю.​Груадзіса, «Сватанне» Б.​Дварыёнаса, «У віхуры танцаў» В.​Бацявічуса. Сучасны рэпертуар т-ра складаюць творы сусв. і рус. класікі, літ. і інш. сучасных кампазітараў. У т-ры працавалі: спевакі В.​Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.​Апанавічутэ, В.​Даўнарас, Э.Канява, А.​Кучынгіс, Ю.​Мажэйка, Р.​Марыёшус, І.​Мількявічутэ, В.Нарэйка, Пятраўскас, А.​Садзейка, Э.​Саўлявічугэ, Р.​Сіпарыс, І.Стасюнас, А.​Сташкевічутэ, А.​Чудакова; артысты балета Л.​Ашкелавічутэ, Г.​Баніс, Б.​Кялбаўскас, В.​Куджма, Г.​Кунавічус, Г.Сабаляўскайтэ, Т.​Свенціцкайтэ, М.​Юазапайцітэ; дырыжоры І.​Алекса (гал. дырыжор з 1975), М.​Букша, Р.​Генюшас, Х.​Паташынскас, Талат-Кялпша; балетмайстры П.​Баравікас, В.​Браздзіліс, В.​Грывіцкас, В.​Дубеняцкене, Кялбаўскас, П.​Пятроў, з 1992 кіраўнік балетнай трупы Т.​Сядунова; рэжысёры Ю.​Грыбаўскас, Ю.​Густайціс, Э.​Домаркас, В.​Мікштайтэ, Сіпарыс; ген. дырэктар т-ра Ю.​Андрэевас (з 1999).

т. 9, с. 316

ЛІТОЎСКІ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т,

цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Беларусі і Літве, арганізацыйны цэнтр літ.-бел. «чырвоных». Утвораны ў Вільні летам 1862 з Камітэта руху. У Л.п.к. уваходзілі: Л.М.Звяждоўскі (старшыня да кастр. 1862), К.Каліноўскі, А.​Банольдзі, Э.І.Вярыга, Б.Ф.Длускі, А.І.Залескі, З.Б.Чаховіч. Пасля ад’езду Звяждоўскага ў Маскву (кастр. 1862) к-т узначаліў Каліноўскі, у яго склад уведзены І.І.Козел з Міншчыны. Прадстаўніком Цэнтр. (Варшаўскага) нац. к-та ў Л.п.к. быў Н.Дзюлеран. Афіц. орган Л.п.к. — газ. «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды»); для сялян Каліноўскі і яго аднадумцы выпускалі газ. «Мужыцкая праўда». За рэв.-дэмакр. праграму ў к-це паслядоўна змагаўся Каліноўскі. Л.п.к. стварыў свае структурныя ячэйкі і арганізацыі ў бел. і літ. губернях і паветах, збіраў грошы і зброю, вёў агітацыю, наладжваў сувязі з рэв. групамі ў арміі. З пачаткам паўстання ў Польшчы 20.1(1.2).1863 абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 317

ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),

народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс. чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн. чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.

Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.

Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ. нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АН БССР. Пры ЦК КП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр. Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ. культ.-асв. т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦК КПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦК КПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.

У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ. цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 317

ЛІТР (франц. litre ад позналац. litra мера ёмістасці),

пазасістэмная адзінка аб’ёму і ўмяшчальнасці. Абазначаецца л. 1 л = 1 дм​3 = 0,001 м³. Дапускаецца выкарыстанне Л. нароўні з адзінкамі СІ, не рэкамендуецца пры дакладных вымярэннях.

т. 9, с. 317

ЛІ́ТРА (грэч. litra),

1) стараж. сіцылійская адзінка масы (вагі) y 1 фунт (​1/240, пазней ​1/120 таланта) і манета (прыкладна з 400 да н.э.), якая спачатку білася з медзі, пазней з серабра і золата.

2) Візант. фунт — асн. вагавая адзінка Візант. імперыі, роўная рымскаму фунту — лібры.

т. 9, с. 318