Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯКА́РСТВЫ,

тое, што лекавыя сродкі.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕ́ВЕЛЬ ((Lelewel) Іаахім) (22.3.1786, Варшава — 29.5.1861),

польскі гісторык, паліт. дзеяч. Скончыў Віленскі ун-т (1808). У 1815—18 выкладчык, 1821—24 праф. Віленскага ун-та (звольнены ў сувязі з працэсам філарэтаў). У 1828—31 дэпутат сейма. У час паўстання 1830—31 у складзе Часовага ўрада, старшыня Патрыятычнага таварыства. З 1831 у Парыжы, узначальваў Польскі нац. к-т, з 1833 у Бруселі, чл. кіраўніцтва падп. рэв. «Саюза дзяцей польскага народа» (1935), кіраўнік і ідэолаг «Аб’яднання польскай эміграцыі» (1837—46), пасля яго роспуску чл. Польскага дэмакратычнага таварыства. Заклікаў да аб’яднання міжнар. дэмакр. сіл, падтрымаў ініцыятыву заснавання ў Бруселі міжнар. Дэмакратычнай асацыяцыі (1847). Даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі, інш. краін. У сваіх працах развіваў новы погляд на гісторыю Польшчы. Насуперак манархічнай інтэрпрэтацыі лічыў, што рэсп. ідэі і звязаныя з імі каштоўнасці (свабода, роўнасць, братэрства) з’яўляюцца асн. рысамі польскага нац. духа і вызначаюць ход гіст. працэсу. У шляхецкім рэспубліканізме бачыў увасабленне, хоць і абмежаванае, найістотнейшых прынцыпаў польск. гісторыі. Крытыкаваў запрыгоньванне сялян, тлумачыў яго чужымі манархічнымі ўплывамі. Інтэрпрэтацыя Л. супярэчыла канцэпцыям франц. рэфарматараў гіст. навукі (А.Цьеры, Ф.Гізо і інш.). У «Гісторыі Літвы і Русі аж да уніі з Польшчай у Любліне» (1839) побач з Вял. Ноўгарадам паставіў сярэдневяковую «рэспубліку» Полацк, пісаў пра ўсх.-слав. культуру, значэнне старабел. мовы ў ВКЛ; разам з І.Даніловічам выдаў Статут ВКЛ 1529 на тагачаснай бел. мове. Сярод прац: «Панаванне Станіслава Аўгуста» (1831), «Народы на славянскіх землях да ўзнікнення Польшчы» (1853), «Заўвагі па гісторыі Польшчы і яе народа» (1855); «Лекцыі па ўсеагульнай гісторыі» (т. 1—4, 1850). Даследаваў стараж. і сярэдневяковую геаграфію («Вывучэнне старажытнасці з пункту гледжання геаграфіі», 1818; «Геаграфія сярэдніх вякоў», т. 1—5, 1852—57). Займаўся метадалогіяй гісторыі («Гісторыка», 1815), гістарыяграфіяй («Гісторыя гісторыі, яе даследаванняў і мастацтва», надрук. ў 1964). Заклаў асновы сучаснай навукі пра кнігу («Дзве бібліяграфічныя кнігі», т. 1—2, 1823—26; «Гісторыя бібліятэк», 1827).

Тв.:

Dzieła. T. 1—8, 10. Warszawa, 1957—72.

Літ.:

Kieniewicz S. Joachim Lelewel. Warszawa, 1990;

Krzemiéniecki L. Joachim Lelewel: Narodowy portret sztukmistrza. Wrocław, 1991.

Н.К.Мазоўка.

І.Лялевель.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Валяр’янавіч) (н. 22.9.1956, г.п. Сапоцкін Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1979), працуе ў ім (у 1990—96 нам. дэкана, з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях вугляводнага абмену, парушэннях вугляводнага і энергет. абмену ў розных аддзелах галаўнога мозга, пры алкагалізме, сац.-эпідэміял. аналізе, прагназіраванні і лячэнні наркалагічных захворванняў, уплыве радыенуклідаў на арганізм.

Тв.:

Клинико-экспериментальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм. Гомель, 1995 (у сааўт.);

Социально-эпидемиологическая характеристика контингента наркоманов и токсикоманов (разам з А.У.Казлоўскім, Г.І.Забароўскім) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕ́ВІЧ Г. (сапр. Калмансон Лабары Гілелевіч; 30.9.1901, г. Магілёў — 1937),

гісторык, паэт, крытык. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны на парт. рабоце. У 1917 друкаваў вершы ў магілёўскай газ. «Молот». Аўтар нарысаў па гісторыі рэв. руху і грамадз. вайны ў Беларусі. У 1920—30 апублікаваў прысвечаныя рэвалюцыі зб. вершаў. «Набат» (1921), «У Смольным» (1925) і паэму «Голад» (1921) і інш. Адзін з праваднікоў вульгарнай вузкакласавай парт. крытыкі, для чаго выкарыстоўваў свае пасады рэдактара час. «На посту» і кіраўніка ВАПП. У 1937 арыштаваны як трацкіст, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;

Пб., 1923;

Клинок и книга: Памяти Дмитрия Фурманова. М.; Л., 1926;

Воинствующий идеализм на фронте литературоведения // Вестн. Ком. Академии. 1927. Кн. 22.

У.М.Міхнюк.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕМА́НЦЫЯ (Lallemantia),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 6 відаў. Пашырана ў Азіі. Вырошчваецца як алейная расліна Л. іберыйская (L. iberica) у Турцыі, Іране, Крыме, на Каўказе. Стараж. культура Арменіі.

Л. іберыйская — аднагадовая травяністая расліна. Сцябло моцнагалінастае, чатырохграннае, прамастойнае, выш. да 70 см. Лісце падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя, бэзавыя, ружовыя. Плод — дробны арэшак. Насенне мае ў сабе 35—38% алею, прыдатнага ў ежу і на тэхн. мэты; макуха ідзе на корм жывёле. Харч. і тэхн. расліны.

У.П.Пярэднеў.

Лялеманцыя.

т. 9, с. 421

«ЛЯЛІ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Абрамовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія, Манівідавічы, Сяняўскія, Тарноўскія, Тышкевічы, Чапскія. У блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ляліва».

т. 9, с. 422

ЛЯЛЬКО́ (Хрысціна Аляксееўна) (н. 30.3.1956, в. Хадзюкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1979). З 1979 працавала ў Літ. музеі Я.Купалы, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1984 у час. «Беларусь». З 1996 гал. рэдактар штоквартальніка «Наша вера». Дэбютавала вершамі ў 1971. У апавяданнях і аповесцях (зб-кі «Дарога пад гару», 1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986; «Світанак над бярозамі», 1989) — жыццё сучаснікаў, маральна-этычныя праблемы, роздум над складанымі пытаннямі часу, каларытная мова. Апрацоўвае бел. нар. казкі («Залатое пяро», 1990; «Хітрэй свету не будзеш», 1991). На бел. мову пераклала нарыс І.Сыракомлі «Мінск» (1992), кнігі А.Зубербера «Ці ведаю, у што веру», папы рымскага Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі» (абедзве 1997), «Дар і Таямніца» (1998).

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 422

ЛЯЛЬЧУ́К (Сямён Абрамавіч) (25.9.1918, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. — 1941),

яўрэйскі паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Прапаў без вестак на фронце. Адзін з аўтараў «Зборніка вершаў» (1940). На бел. мову вершы Л. перакладаў А.Вялюгін.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949.

т. 9, с. 422

ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Аляксей Анатолевіч) (н. 2.2.1957, Мінск),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл. т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел. АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.Слепаковай паводле Ш.Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.К.Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1987), «Бура» У.Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.Барышава (1993), «Ганэле» Г.Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.

М.А.Каладзінскі.

т. 9, с. 422

ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.Вольскага і П.Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.Гадар і С.Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1971), «Клоп» У.Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).

М.А.Каладзінскі.

Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі.

т. 9, с. 422