Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕЧ у тэхніцы,

збудаванне (устаноўка, агрэгат, прылада), у якім у выніку гарэння паліва (часам інш. хім. рэакцый) або пераўтварэння эл. энергіі вылучаецца цяпло. Паводле крыніц цяпла адрозніваюць полымныя печы і электрычныя печы, а таксама П. са спец. відамі нагрэву: плазменна-дугавыя печы, электронна-прамянёвыя печы, аптычныя, у т. л. геліяпечы, і інш.; паводле галіны выкарыстання — прамысловыя і бытавыя.

Прамысловыя П. прызначаны для: награвання матэрыялаў або вырабаў (награвальныя печы), надання матэрыялам новых мех. уласцівасцей (тэрмічныя печы), апрацоўкі мінер. сыравіны (абпальвальныя печы), пераводу матэрыялаў, што апрацоўваюцца, у вадкі стан (плавільныя печы, у т. л. ватэржакетныя печы), выплаўкі сталі і цвёрдых металаў (мартэнаўскія печы, двухваннавыя П.), расплаўлення чорных і каляровых металаў у ліцейнай вытв-сці (вагранкі, адбівальныя печы), раскладання і ўзгонкі матэрыялаў (коксавыя печы), сушкі матэрыялаў (сушыльныя печы), варкі шкла і інш. Паводле метадаў перасоўвання матэрыялаў, што апрацоўваюцца, канструкцыйных і інш. адзнак П. падзяляюцца на: вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы; вакуумныя печы, высокачастотныя печы, дугавыя печы, індукцыйныя печы; вежавыя, карусельныя, каўпаковыя, кальцавыя, метадычныя, нізкатэмпературныя, прахадныя, працяжныя, тыгельныя, шахтавыя, штурхальныя, з шагаючым подам і інш. Бытавыя П. падзяляюцца на ацяпляльныя (гл. Печ, Пячное ацяпленне), хлебапякарныя, кандытарскія, вяндлярныя (гл. Вяндлярня, Вэнджанне) і інш. Набылі пашырэнне мікрахвалевыя печы.

т. 12, с. 342

ПЕЧ хатняя,

глінабітнае або мураванае збудаванне для ацяплення памяшкання, гатавання ежы, выпечкі хлеба; важны элемент абсталявання і арх. вырашэння інтэр’ера жылля.

Вядома са старажытнасці. У Стараж. Рыме выкарыстоўвалі перасоўныя, звычайна метал., багата аздобленыя П. У сярэднявеччы пашыраны стацыянарныя П. купальнага тыпу, вылепленыя з гліны. У 13—14 ст. з’явіліся П. з кафлі, напачатку прамавугольныя, пазней і круглыя. У 18 — пач. 20 ст. П. рабілі ў выглядзе мэблі, абеліскаў, калон, пірамід з актыўным выкарыстаннем арх. дэкору. Разнастайнасцю вылучаюцца П. ў нар. буд-ве. Найб. старадаўнія — П.-каменка і «курная» П. (без коміна). «Белыя» П. (з комінам) рабілі з гліны ці цэглы, часам на драўлянай рубленай аснове з 3—5 вянкоў ці на штандарах. Спецыфіка побыту і матэрыяльнай культуры розных народаў садзейнічалі фарміраванню своеасаблівых тыпаў П. («руская», «галандская», «шведская» і інш.).

У нар. жыллі беларусаў П. адыгрывае вядучую ролю ў арганізацыі інтэр’ера хаты. Яна магла займаць ​1/4 плошчы памяшкання. Да сярэдзіны 19 ст. пераважалі «курныя», з пач. 20 ст. — «белыя» П. З канца 19 ст. каля П. ставілі грубку. П. і асобныя часткі (прыпечак, пячуркі, падпечча, комін і інш.) заўсёды былі актыўнымі элементамі сямейных свят і розных абрадаў. Сучасныя П. маюць меншыя памеры, робяцца з цэглы, часта абліцоўваюцца кафляй або пліткай дэкаратыўнай. Новыя сродкі ацяплення і гатавання ежы звузілі функцыянальнае прызначэнне П. ў сучасным побыце.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

С.​А.​Сергачоў.

Печ з комінам.

т. 12, с. 342

ПЕЧАНЕ́ГІ, бечанегі,

саюз цюркамоўных плямён у паўн. Прычарнамор’і ў 8—12 ст. Напачатку качавалі на У ад Волгі, у канцы 8 ст. разбілі ў прычарнаморскіх стэпах венграў і занялі тэр. ад Волгі да вусця Дуная. Асн. іх занятак — качавая жывёлагадоўля. Падзяляліся на 8 плямён, агульнаплемяннога аб’яднання П. не існавала. Рабілі пастаянныя набегі на Русь і краіны Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы. У 972 знішчылі дружыну князя Святаслава Ігаравіча, забілі яго самога. У 1036 разбіты войскам кн. Яраслава Мудрага. У канцы 11 ст. сур’ёзна пагражалі Візантыйскай імперыі. У 1091 разбіты аб’яднаным візантыйска-палавецкім войскам, пасля чаго іх тэр. занялі плямёны полаўцаў.

т. 12, с. 342

ПЕ́ЧАНЬ,

буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).

Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл. Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.

А.​С.​Леанцюк.

Печань: 1 — правая доля; 2 — левая доля; 3 — жоўцевы пузыр.

т. 12, с. 342

ПЕ́ЧКІН (Ярамір Аляксандравіч) (5.5.1926, С.-Пецярбург — 17.6.1976),

бел. скульптар, архітэктар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (1952). Творчасці ўласціва арган. спалучэнне скульптуры і архітэктуры. У 1956—59 стварыў (у сааўт.) шэраг помнікаў воінам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну; выканаў медальёны «Вызваленне Мінска», «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», «Манумент героям Айчыннай вайны», абеліск з рэльефнымі выявамі воінаў у гонар вызвалення г. Жлобін ад ням.-фаш. захопнікаў; скульптурную групу «Марыя і Антаніна Лузгіны — обальскія камсамолкі-падпольшчыцы» (1964); фрыз і барэльеф «Партызаны» ў кінатэатры «Партызан» у Мінску (1967), рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач (1967—68), помнік сав. воінам і партызанам (1975, г.п. Астравец Гродзенскай вобл.), скульптурная група «Плыўцы» (1976) у пансіянаце на воз. Нарач. Аўтар партрэтаў архітэктараў М.​Бакланава, С.​Баткоўскага (абодва 1973) і інш.

Ф.​І.​Валадзько.

Я.Печкін. Рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач. 1967—68.

т. 12, с. 343

Печкуроў Андрэй Фёдаравіч

т. 18, кн. 1, с. 440

Печнікава Зоя Мікалаеўна

т. 18, кн. 1, с. 440

ПЕ́ЧЫШЧЫ,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., на р. Жардзянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад г. Светлагорск, 122 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Жэрдзь. 405 ж., 141 двор (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.

т. 12, с. 343

ПЕЧ НАГРАВА́ЛЬНАЯ,

гл. Награвальная печ.

т. 12, с. 342

ПЕША́ВА́Р,

горад на Пн Пакістана, на р. Бара (прыток р. Кабул), каля Хайберскага перавалу. Адм. цэнтр Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі. Каля 1 млн. ж. (1999). Важны трансп. пункт на шашы, якая вядзе ў Афганістан. Чыг. станцыя, аэрапорт. Гандлёвы цэнтр с.-г. раёна. Тэкст., металаапр., харч. прам-сць. Рамёствы. 2 ун-ты. Музей. Культ. цэнтр пуштунаў (афганцаў).

Засн. ў 1-м тыс. да н.э. пад назвай Пурушапура. З 1 ст. н.э. сталіца Кушанскай дзяржавы, важны цэнтр будыйскай культуры. На мяжы 5—6 ст. зруйнаваны эфталітамі. Да 16 ст. не меў вял. значэння. Пры Вялікіх Маголах важны гандл. і стратэгічны пункт, атрымаў назву П. У 1738—47 пад уладай іран. шаха Надзір-шаха Афшара. У 1747—1818 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 1818—23 сталіца Пешаварскага княства, пазней увайшоў у дзяржаву сікхаў. У 1849 захоплены брыт. войскамі, з 1901 адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Брыт. Індыі. Жыхары П. ўдзельнічалі ў антыбрыт. паўстаннях (самае буйное ў 1930). У 1947—55 і пасля 1970 П. — адм. ц. Паўн.-Зах. Пагранічнай правінцыі Пакістана.

т. 12, с. 343