ПЕ́ЧКІН (Ярамір Аляксандравіч) (5.5.1926, С.-Пецярбург — 17.6.1976),

бел. скульптар, архітэктар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (1952). Творчасці ўласціва арган. спалучэнне скульптуры і архітэктуры. У 1956—59 стварыў (у сааўт.) шэраг помнікаў воінам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну; выканаў медальёны «Вызваленне Мінска», «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», «Манумент героям Айчыннай вайны», абеліск з рэльефнымі выявамі воінаў у гонар вызвалення г. Жлобін ад ням.-фаш. захопнікаў; скульптурную групу «Марыя і Антаніна Лузгіны — обальскія камсамолкі-падпольшчыцы» (1964); фрыз і барэльеф «Партызаны» ў кінатэатры «Партызан» у Мінску (1967), рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач (1967—68), помнік сав. воінам і партызанам (1975, г.п. Астравец Гродзенскай вобл.), скульптурная група «Плыўцы» (1976) у пансіянаце на воз. Нарач. Аўтар партрэтаў архітэктараў М.​Бакланава, С.​Баткоўскага (абодва 1973) і інш.

Ф.​І.​Валадзько.

Я.Печкін. Рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач. 1967—68.

т. 12, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)