Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́ТНЕР

(Hettner) Альфрэд (6.8.1859, г. Дрэздэн, Германія — 31.6.1941),

нямецкі географ. Праф. Лейпцыгскага (з 1894) і Гейдэльбергскага (1899—1928) ун-таў. Падарожнічаў па Паўд. Амерыцы, Егіпце, Алжыры, Тунісе, Паўд. і Усх. Азіі. Даследаванні ў галіне краіназнаўства, геамарфалогіі, кліматалогіі, геаграфіі чалавека, методыцы выкладання гісторыі і метадалогіі геаграфіі. У 1895 заснаваў і 40 гадоў узначальваў час. «Geographische Zeitschrift» («Геаграфічныя запіскі»).

т. 5, с. 207

ГЕ́ТЫ

(Getae),

паўночна-ўсходнія фракійскія плямёны, якія ў 5 ст. да н.э. засялялі тэр. паміж Балканамі і Дунаем. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. У 60-х г. да н.э. аб’ядналіся з дакамі і стварылі магутны ваенна-племянны саюз. У 20-я г. да н.э. заваяваны Рымам, вялі вызваленчую барацьбу. У 106 канчаткова пераможаны, іх тэрыторыя ўвайшла ў склад рымскай правінцыі Дакія.

т. 5, с. 208

ГЕТЫНА́КС,

слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРА...

(ад грэч. heteros іншы, другі),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «другі», «іншы» і адпавядае бел. «разна...», напр., гетэрагамія, гетэрагенез.

т. 5, с. 208

ГЕТЭ́РА

(ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),

у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРААЎКСІ́Н,

індалілвоцатная кіслата, C10H9NO2, хімічнае рэчыва высокай фізіял. актыўнасці з групы гармонаў росту (аўксінаў). Ёсць у мачы і сліне жывёл, бактэрыях, грыбах, водарасцях і вышэйшых раслінах. Вылучаны ў 1934 з культуры плесневых грыбоў і інш. мікраарганізмаў галандскім хімікам Ф.Кёглем. Уздзейнічае на роставыя працэсы парасткаў, лісця, укаранення чаранкоў, узмацняе размнажэнне клетак у калусах, у спалучэнні з цытакінінамі стымулюе дыферэнцыяцыю клетак. Механізм уздзеяння гетэрааўксіна на клеткі звязваюць з актывацыяй H​± выпампоўвальнага механізма ў плазмалеме, на дзейнасць рыбасом і ядра, узмацненне сакрэцыі кіслых гідралаз. Утвараецца ў верхавінкавых мерыстэмах сцябла. Фізіялагічна актыўны ў канцэнтрацыях 10​-3 — 10​-8 М. Гетэрааўксін — адзіны з аўксінаў, які атрымліваюць сінтэзам.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ,

гетэрабазідыяльныя грыбы (Heterobasidiomycetidae), падклас базідыяльных грыбоў. Аб’ядноўвае 2 парадкі: аўрыкулярыяльныя (Auriculariales) і дрыжалкавыя (Tremellales). Пашыраны пераважна ў тропіках, субтропіках і ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У Еўропе каля 100 відаў, з іх на Беларусі 20. Большасць сапратрофы (дакрыміцэс, калоцэра, дрыжалка і інш.), некат. паразіты (гелікабазідый, септабазідый). Есць ядомыя (аўрыкулярыя).

Характэрная асаблівасць гетэрабазідыяміцэтаў — складаныя, шматклетачныя або з вельмі буйнымі стэрыгмамі базідыі (гетэрабазідыі). Пладовыя целы ад 0,2 да 20 см, разнастайнай будовы і афарбоўкі, у асн. студзяністай кансістэнцыі. Гіменій размешчаны на ўнутр. паверхні пладовага цела або ўкрывае ўсю яго паверхню. Пры высыханні ўтвараюць рогападобныя плеўкі (скарыначкі), пры вільготным надвор’і прымаюць ранейшую форму. Базідыяспоры шматклетачныя, прарастаюць, утвараючы другасную спору або дробныя канідыі.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАГА́МІЯ

(ад гетэра... + ...гамія),

1) тып палавога працэсу, пры якім мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца пры апладненні, адрозніваюцца формай і памерам. Для вышэйшых раслін і шматклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія; у адносінах да некаторых прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя, выкарыстоўваюць тэрмін «анізагамія». Гл. таксама Ізагамія.

2) Змена функцыі мужчынскіх і жаночых клетак або іх размяшчэнне на расліне (як анамалія).

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАГЕНЕ́З

(ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.А.Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.І.Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

ГЕТЭРАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

макраскапічна неаднародная фізіка-хімічная сістэма, якая складаецца з некалькіх розных па фіз. уласцівасцях ці хім. саставе частак (розных фаз).

Адна фаза гетэрагеннай сістэмы аддзелена ад сумежнай з ёй фазы фіз. паверхняй падзелу, што дазваляе механічна раздзяліць іх. Напр., вадкасць і насычаная пара над ёй (розніца ў агрэгатным стане); дзве вадкасці, якія не змешваюцца паміж сабой, — алей і вада (розніца ў саставе). Мікрагетэрагеннымі часта называюць дысперсныя сістэмы з памерамі часцінак ад 5·10​-3 да 10 мкм (золі, мікраэмульсіі і інш.), якія складаюць пераходную вобласць паміж гетэрагеннай сістэмай і гамагеннай сістэмай.

т. 5, с. 208