ГЕТЭРАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ,

гетэрабазідыяльныя грыбы (Heterobasidiomycetidae), падклас базідыяльных грыбоў. Аб’ядноўвае 2 парадкі: аўрыкулярыяльныя (Auriculariales) і дрыжалкавыя (Tremellales). Пашыраны пераважна ў тропіках, субтропіках і ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У Еўропе каля 100 відаў, з іх на Беларусі 20. Большасць сапратрофы (дакрыміцэс, калоцэра, дрыжалка і інш.), некат. паразіты (гелікабазідый, септабазідый). Есць ядомыя (аўрыкулярыя).

Характэрная асаблівасць гетэрабазідыяміцэтаў — складаныя, шматклетачныя або з вельмі буйнымі стэрыгмамі базідыі (гетэрабазідыі). Пладовыя целы ад 0,2 да 20 см, разнастайнай будовы і афарбоўкі, у асн. студзяністай кансістэнцыі. Гіменій размешчаны на ўнутр. паверхні пладовага цела або ўкрывае ўсю яго паверхню. Пры высыханні ўтвараюць рогападобныя плеўкі (скарыначкі), пры вільготным надвор’і прымаюць ранейшую форму. Базідыяспоры шматклетачныя, прарастаюць, утвараючы другасную спору або дробныя канідыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)