ГЕТЫНА́КС,

слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)