Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ КУА́Н Ю (н. 16.9.1923, Сінгапур),

сінгапурскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (Вялікабрытанія, 1950). У 1954 адзін з заснавальнікаў (да 1992 ген. сакратар) Партыі Нар. дзеяння. Чл. Заканад. асамблеі (1955), у 1959—90 прэм’ер-міністр Сінгапура. Пры ім Сінгапур ператварыўся ў адну з найб. развітых краін Азіі. З 1990 старшы міністр урада, аказвае значны ўплыў на дзярж. палітыку краіны.

т. 9, с. 258

ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

ЛІ СУНСІ́Н (5.5.1545, Сеул — 19.11. 1598),

карэйскі флатаводзец, герой Імдзінскай вайны 1592—98. З 1591 камандуючы флотам левай паўправінцыі Чаладо. Рыхтуючыся да адбіцця агрэсіі з боку Японіі, увёў у склад флоту ўдасканаленыя караблі з высокімі баявымі якасцямі. У ходзе вайны ў чэрв.ліст. 1592 на чале флоту ў 4 бітвах разграміў флот праціўніка і сарваў планы яп. камандавання па камбінаваным наступленні сухапутных і марскіх сіл. У выніку прыдворных інтрыг Л.С. быў адхілены ад камандавання флотам; але ў 1597 у час новага нашэсця японцаў адноўлены на пасадзе. У вер. 1597 кар. флот зноў перамог праціўніка. У кастр. 1598 аб’яднаны кар.-кіт. флот на чале з Л.С. патапіў і па шкодзіў каля паўд. ўзбярэжжа Карэі каля 200 яп. караблёў. Л.С. загінуў у гэтай бітве.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974;

Хван И.И. Ли Сун Син // Краткие сообщения Ин-та востоковедения. 1951. Вып. 1.

М.Г.Нікіцін.

т. 9, с. 290

ЛІ СЫ (?—208 да н.э.),

дзяржаўны дзеяч стараж. Кітая. Першы саветнік імператара Цынь Шыхуандзі [221—210 да н.э.]. Праводзіў палітыку ўзмацнення цэнтр. дзярж. улады. Пры Л.С. праведзена уніфікацыя іерогліфаў. Прыхільнік філас. школы легістаў, праціўнік канфуцыянства (па яго ініцыятыве ў 213 да н.э. спалена канфуцыянская л-ра, пахаваны жывымі 460 вучоных). Пры імператару Эр Шыхуане [209—207 да н.э.] абгавораны сваімі ворагамі пры двары, пакараны смерцю.

т. 9, с. 291

ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б. прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар. нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).

т. 9, с. 291

ЛІ СЮЧЭ́Н (1823—7.8.1864),

адзін з кіраўнікоў Тайпінскага паўстання 1850—64 у Кітаі. Далучыўся да тайпінаў у 1851, з 1859 адзін з іх кіраўнікоў. У 1858 нанёс паражэнне (сумесна з Чэнь Юйчэнам) урадавым войскам у раёне Саньхэ, у 1860 адбіў іх наступ на сталіцу тайпінаў г. Нанкін. Двойчы (1860, 1862) беспаспяхова спрабаваў авалодаць г. Шанхай. У 1863—64 кіраваў абаронай Нанкіна, пасля падзення якога (ліп. 1864) узяты ў палон і пакараны смерцю. У турме напісаў «Сведчанні», якія з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі тайпінскага паўстання.

Тв.:

Показания Ли Сю-чэна // Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960.

т. 9, с. 291

ЛІ ТАН, Сі Гу (1050 — каля 1130),

кітайскі жывапісец. Вядучы дзеяч акадэмій жывапісу ў Кайфыне і Ханчжоў. Творчасці характэрны пераход ад суровых манахромных ландшафтаў, поўных эпічнай велічы, да сціплых лірычных вясковых пейзажаў са сцэнамі нар. побыту. Працаваў таксама ў гіст. і быт. жанрах. Сярод твораў: «Храм каля ракі ў летнюю пару», «Вячэрні зыб на восеньскай рацэ», «Вясковы лекар» і інш.

т. 9, с. 293

ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),

кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ва Кітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.

т. 9, с. 323

ЛІ ЦЗУНДА́О (Lee Tsung Dao; н. 25.11. 1926, г. Шанхай, Кітай),

кітайска-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1964), Нац. Акадэміі дэі Лінчэі (1982) і інш. Вучыўся ва ун-тах Кітая. З 1946 у ЗША. У 1951—53 і 1960—63 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане, з 1953 у Калумбійскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова з 1997 дырэктар амер.-яп. Даследчага цэнтра пры Брукхейвенскай нац. лабараторыі. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, ядз. фізіцы, квантавай хромадынаміцы і інш. Разам з Янгам прадказаў магчымасць незахавання прасторавай цотнасці ў слабых узаемадзеяннях (1956), што было пацверджана эксперыментальна, увёў паняцце камбінаванай цотнасці (1956), выказаў гіпотэзу аб перадачы слабых узаемадзеянняў прамежкавым вектарным базонам і пастуліраваў яго ўласцівасці. Нобелеўская прэмія 1957 (разам з Янгам).

Тв.:

Particle physics and introduction to field theory. London, 1981;

Рус. пер. — Математические методы в физике. М., 1965;

Слабые взаимодействия. М., 1968 (разам з Ц Ву).

М.М.Касцюковіч.

Лі Цзундао.

т. 9, с. 325

ЛІ ЦЗЫЧЭ́Н (1606—45),

кіраўнік паўстання 1628—44 у Кітаі супраць дынастыі Мін. Працаваў паштовым кур’ерам. Далучыўся да паўстанцаў, з 1636 кіраўнік паўстанцкай арміі ў Хэбэй-Шэньсійскім р-не. У 1644 абвешчаны ў г. Сіянь імператарам 25.4.1644 заняў сталіцу Кітая г. Пекін. 27.5.1644 разбіты аб’яднанымі сіламі маньчжураў і здрадніка У Саньгуя. Быў вымушаны пакінуць Пекін, загінуў у прав. Хубэй.

т. 9, с. 325